Дэпутат гарадской рады ад партыі «Права і справядлівасьць» і каталіцкая грамадскасьць гораду Сьвіноўсьце , што знаходзіцца каля самой нямецкай мяжы, занепакоеныя маральным абліччам грамадзянаў, прычым ня толькі сваіх, але і нямецкіх. Дэпутат Эдвард Заёнц абураны тым, што немцы на пляжы, які знаходзіцца побач з горадам загараюць і купаюцца… аголенымі. Заёнц лічыць гэта вычварэнствам.

Раней, калі Польша яшчэ не была ў Шэнгенскай зоне, такой праблемы не існавала, бо пляж быў падзелены сеткай. Палякі не хадзілі на нямецкі бок і наадварот. Зараз жа калі мяжа перастала існаваць, пляж стаў агульным і палякі атрымалі магчымасьць заходзіць на нямецкі нудысцкі пляж. Гэта і стала непакоіць дэпутата.

Але немцы таксама выказваюць незадаволенасьць паводзінамі палякаў.

«Гэта пляж для нудыстаў. А палякі прыходзяць туды апранутымі, садзяцца і тарашчацца на голых людзей», — кажа адзін нямецкі нудыст.

«Адчуваем сябе як малпы ў заапарку», — дадае другі.

Дарэчы, прэзыдэнт Сьвінаўсьця парадзіў заклапочанаму дэпутату падчас шпацыру па беразе мора насалоджвацца марскім краявідам, а не таропіцца на голых людзей.

Паводле Susvet.Info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0