Капітальны рамонт мосту на вуліцы Максіма Багдановіча ў Менску пачаўся ў сярэдзіне ліпеня й мае завершыцца ў налета ў красавіку.
Да лістапада плянуецца скончыць асноўныя будаўніча‑мантажныя працы, каб зьняць абмежаваньні ў руху транспарту.
На мосьце заменяць дарожнае палатно на праезнай частцы, зробяць маналітныя ходнікі, рэканструююць лесьвічныя сходы, а прыступкі абліцуюць гранітам, усталююць поручы зь нержавейнай сталі й новыя мачты асьвятленьня.
Фасад мосту ўпрыгожаць новыя элемэнты аздобы, у прыватнасьці, вялікія мэдальёны з выявай твару жанчыны з валасамі, якія разьвяваюцца.
На рэалізацыю праекту плянуецца выдаткаваць каля 6 мільярдаў рублёў, паведамляе «Мінскі кур’ер».