У чэрвені 2016 года ў цэнтры Мінска з'явіўся мурал, які сімвалізуе сяброўства сталіц Беларусі і Расіі. Аўтарамі выступілі расійскія мастакі, а ініцыятарам — урад Масквы. Хлопчык-Мінск і дзяўчынка-Масква былі закліканы сімвалізаваць сяброўства паміж народамі, краінамі і гарадамі.

Але ў кастрычніку таго ж года невядомы мастак дамаляваў на графіці новы элемент — калючы дрот у вянку дзяўчынкі і букеце хлопчыка.

«Мне стала сорамна за падарунак сваіх маскоўскіх калегаў, і я вырашыў надаць гэтаму хоць нейкі сэнс. Калючы дрот — добры, шматслаёвы сімвал і цалкам дарэчны, калі гаворка ідзе пра адносіны Расіі з іншымі краінамі», — так пракаментаваў сваю працу аўтар.

Праз паўтара месяцы малюнку вярнулі ранейшы выгляд, а аўтара паабяцалі знайсці і пакараць.

А 23 сакавіка 2017 у Мінску адбыўся суд над двума маладымі людзьмі, якіх абвінавацілі ў датычнасці да ўнясення змяненняў у малюнак, хоць абодва яны не прызналі сваёй віны.

«Нам вядома, што адзін з падсудных меў дакумент аб тым, што быў у гэты час у маршрутцы, якая ішла ў іншы горад, а другі распавёў, што ў тую раніцу праходзіў міма і бачыў, як нехта працуе на вышцы, але сам ён не знаёмы ні з мастаком, ні з кранаўшчыком», — паведамляе беларуская графіці-суполка «Сігнал».

Тым не менш суд прызначыў штраф па 1150 беларускіх рублёў (каля $604) кожнаму. Сам мастак, які дамаляваў дрот, некалькі разоў у сваіх каментарах падкрэсліваў, што працаваў у адзіночку і ні з кім, акрамя кіроўцы аўтавышкі, не кантактаваў.

Спачатку аштрафаваныя хлопцы захоўвалі ананімнасць. Але стала вядома, што адзін з аштрафаваных — гэта Алег Ларычаў, вядомы куратар графіці-праектаў.

Інфармацыю пацвердзіў «Нашай Ніве» і сам Алег. Гэта ён, той хлопец, які ехаў у іншы горад. У Мінску Ларычава ў той дзень не было, і ён можа гэта пацвердзіць.

Другі аштрафаваны хлопец, па словах людзей з графіці-асяроддзя, «ніколі і балончык з фарбай у руках не трымаў».

Білборд з выявай Алега Ларычава

Білборд з выявай Алега Ларычава

Дарэчы праз некалькі дзён, 4 красавіка, Ларычаў быў жорстка збіты невядомымі ў пад’ездзе свайго дома.

«Такім чынам, можна сказаць, што мінскі суд пайшоў па шляху найменшага супраціву і проста прызначыў «казламі адпушчэння» двух выпадковых маладых людзей, адзін з якіх апынуўся не ў той час і не ў тым месцы, а другі вядомы сваёй дзейнасцю па развіцці вулічнага мастацтва ў Беларусі (што таксама не з'яўляецца доказам яго віны і датычнасці у стварэнні «калючкі»), — выказваецца «Сігнал». — Акрамя таго, мы падтрымліваем аўтара «калючага дроту» і яго рашэнне застацца ананімным: гэта адказвае каштоўнасцям сапраўднага вулічнага мастацтва, які ставіць на першае месца працу і мастацкі жэст, а не персону аўтара і яго асабістыя амбіцыі.

Мы лічым, што нельга прымусіць ні ў чым не вінаватых людзей плаціць штрафы за тое, што зрабіў нехта іншы. Мы лічым, што на нашых вуліцах няма месца дрэнным малюнкам, навязаным безназоўнымі начальнікамі і рэалізаваным прагнымі да нажывы мэнэджэрамі «мастацкіх» фірмаў і псеўдамастакамі».

«Сігнал» аб’явіў збор грошай на штрафы Алегу Ларычаву і другому аштрафаванаму хлопцу.

Сапраўднага аўтара зменаў у малюнку так і не знайшлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?