Я не ведаю кнігі больш цікавай, чым тая, якая складаецца ў галаве чытача архіўных дакументаў.

Жыццё, схопленае раптоўна, нечакана, прышпіленае да белага аркуша, не раўнуючы - каляровы матылёк, разам з усімі ягонымі крылцамі, пылком, вусікамі, трапяткім чэраўцам… А калі шукаць адказы даводзіцца ў некалькіх архівах, да сюжэту архіўнай справы абавязкова дадаецца сюжэт горада, які разгорнецца перад табой, покуль ты едзеш з Нямігі на Акадэмію ці з Усхода на Крапоткіна.

Сёння я чытала архіў легендарнай менскай гімназіі Фальковіча—Зубакіна, самай дарагой, элітнай гімназіі, у якой вучыўся Алесь Дудар.

Чытайце таксама:

Не герой свайго часу: жыццё і смерць Алеся Дудара

Была ў мяне надзея знайсці ў асабістых дакументах вучняў ягоныя метрыкі, да таго ж хацела зразумець, якім чынам сын беззямельнага селяніна апынуўся ў такім элітарным асяроддзі. Канешне, цікавілі мяне й ягоныя вучнёўскія поспехі. Сёння пра Дудара я нічога не адшукала - на рукі даюць толькі пяць спраў, не разгонішся. Затое на трэцяй хвіліне чытання аслупянела над нечаканым дакументам: метрыкай Анатоля Ажгірэя, вядомага нам пад псеўданімам Анатоль Вольны. Метрыка, фармулярны спіс бацькі…

Алесь Дайлідовіч-Дудар у гімназіі (на фота злева) і Анатоль Ажгірэй-Вольны ў маладнякоўскія часы.

Чароўным матыльком узляцела гісторыя: вядома, што Дудар і Вольны надта ж сябравалі, Мікола Улашчык успамінае, што «як нітка з іголкай, заўсёды побач гэтыя два чалавекі» - дык вось яно што! Сяброўства тое - хлапчукоўскае яшчэ, з гімназіі!

Толік Ажгірэй, сын начальніка ігуменскай пошты, і Шурка Дайлідовіч, сын чыгуначніка, за якога плаціла Лібава-Роменская чыгунка - я іх проста бачу, уяўляю зусім сапраўднымі, жывымі, бо толькі раніцай вяла ўрокі ў гэткіх жа самых малых:)

Алесь Дудар.

Алесь Дудар.

А побач разгортваецца яшчэ адзін сюжэт: пералістваючы асабістыя дакументы вучняў, заўважаю, што вучацца ў Фальковіча і Зубакіна ці сапраўды заможныя дзеткі, сыны і дачушкі менскіх дантыстаў, гандляроў, служачых банка - ці дзеці чыгуначнікаў, на якіх бацькі атрымліваюць субсідыі па месцы працы.

І я бачу гэтага Фальковіча, хвацкага камерсанта, які некім чароўным чынам дамаўляецца з кімсьці з Лібава-Роменскай чыгункі, і вось ужо ягоная гімназія мае гарантаваныя фінансавыя плыні з адной з самых паспяховых кампаній тагачаснага Менска…

Ідучы да музея Броўкі, я крыху збочу - і прайду паўз сучасны гістфак на вуліцы Чырвонаармейскай, і пабачу корпус, у якім вучыліся калісь мае бацькі, бо там быў філфак - а яшчэ раней, напачатку стагоддзя, месцілася гімназія Фальковіча-Зубакіна, і па гэтых лесвіцах гайсалі з самога ранку Толік і Шурка, дружбакі назаўсёды.

Іх і расстралялі разам 29 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?