Мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў прадставіць сваю выставу «Колер Беларусі» ў Віцебску. На адкрыццё 18 красавіка ў 17.00 у Творчы цэнтры VZAP (вул. Кастрычніцкая, 2) запрашаюць Лятучы ўніверсітэт і грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Выстава «Колер Беларусі» прайшла ў сакавіку ў Мінску, а цяпер візуальную частку свайго вялікага даследвання — аб'екты-носьбіты ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі — Міхал Анемпадыстаў прадставіць у Віцебску.

«Я ўзяў сабе за мэту напісаць гісторыю тэмы колераў, і ілюстрацыі, якія прадстаўлены на гэтай выставе, будуць выкарыстаны пры выданні маёй кнігі.

Я вырашыў не даваць каментароў да здымкаў, каб пакінуць гледачоў сам-насам з візуальным шэрагам гэтай выставы. Дзеля таго, каб прысутныя маглі звязаць свае адчуванні колераў з тымі ўспамінамі, якія ёсць у кожнага з нас.

Адчуць праз колер візуальную сувязь з гэтымі аб’ектамі і рэчамі, з эмацыйным настроем, які я імкнуўся перадаць на гэтых выявах, структурах.

Пра кожны з гэтых колераў можна напісаць па цэлым эсэ ці брашуры. З гэтым пагодзіцца кожны, хто хоча зразумець беларускую культурную традыцыю,» —

сказаў аўтар у адным з інтэрв’ю з нагоды выставы.

Якія колеры складаюць палітру беларускага асяроддзя? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі, і як пераасэнсавалі? Што такое увогуле «колер» і чаму ён феномен культуры? Якім чынам колеры фармуюць і ўплываюць на нашу самаідэнтычнасць?

Запрашаем шукаць адказы на гэтыя пытанні і спазнаваць разнастайнасць колераў нашай культуры, іх адценняў і прыродных форм разам з аўтарам, мастаком і дызайнерам Міхалам Анемпадыставым.

Падчас адкрыцця выставы 18 красавіка аўтар правядзе імправізаваную экскурсію.

Выстава будзе працаваць да 25 красавіка.

Уваход вольны.

Інфалінія: +375259133876

Міхал Анемпадыстаў — культурны дзеяч, дызайнер, графік, паэт, аўтар тэкстаў і канцэпцыі праекта «Народны Альбом».

Выстава «Колер Беларусі» у Віцебску ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE і грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0