13.04.2017 / 18:08

За Плутонам знайшлі карлікавую планету памерам з Беларусь 15

Навукоўцы паведамілі аб карлікавай планеце пад назвай ДзіДзі, якая знаходзіцца на «задворках» Сонечнай сістэмы. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на Science Daily.

Планетарнае цела 2014 UZ224 ва ўяўленні мастака. Выява: Alexandra Angelich (NRAO/AUI/NSF)

Буйны аб'ект аказаўся ў тры разы далей ад Сонца, чым Плутон. Цяпер адлегласць паміж ДзіДзі і Сонцам — 92 астранамічныя адзінкі, або прыкладна 13,7 млрд кіламетраў.

Адзін віток вакол Сонца карлікавая планета здзяйсняе прыкладна за 1100 зямных гадоў. Святло ад ДзіДзі да Зямлі даходзіць за 13 гадзін, меркаваная тэмпература там — каля -240 градусаў Цэльсія.

Дыяметр карлікавай планеты — 635 кіламетраў. Памеры яе перасеку параўнальныя з плошчай Беларусі: працягласць нашай краіны з поўначы на поўдзень складае 560 км, з усходу на захад — 650 км. Пры такіх памерах нябесны аб'ект павінен валодаць дастатковай масай, каб мець сферычную форму і трапляць пад вызначэнне «карлікавая планета».

Назва ДзіДзі (DeeDee) — неафіцыйнае скарачэнне слоў Distant Dwarf — «аддалены карлік». Пры адкрыцці аб'ект атрымаў назву 2014 UZ224.

ДзіДзі выявілі яшчэ ў канцы 2016 года ў рамках агляду Dark Energy Survey, мэтай якога было вывучэнне цёмнай энергіі. «Разглядзець» яе больш падрабязна ўдалося з дапамогай комплексу радыётэлескопаў ALMA (Atacama Large Millimeter Array) у Чылі.

Адкрыццё ДзіДзі пацвярджае, што сучасныя тэхналогіі здольныя выяўляць вельмі аддаленыя і павольныя аб'екты на ўскраінах Сонечнай сістэмы. Магчыма, менавіта яны дапамогуць даказаць існаванне «Планеты X», на якую астраномы палююць з 2016 года.

1
хамса / Адказаць
13.04.2017 / 18:12
там жыве Маленькі Прынц)
1
Аляксандр / Адказаць
13.04.2017 / 18:15
Срочно засадить картохой!!!!!! И модернизировать производство камней!!!!
0
Штукар / Адказаць
13.04.2017 / 18:18
Відаць, толькі там будуць беларусы добра жыць, і толькі тады, калі змогуць туды паляцець.
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру