Дзяржаўтаінспектарам прыйшлося прымяніць табельную зброю, каб спыніць парушальніка, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

Нарад спецпадраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху ДАІ УУС 12 красавіка патруляваў аўтадарогу Мінск—Гомель. У 18.10 паблізу вёскі Дукора Пухавіцкага раёна міліцыянты заўважылі «Мерседэс Бенц S320», які рухаўся ў бок Мінска з відавочным парушэннем хуткаснага рэжыму. Інспектары падалі спецыяльныя сігналы, каб спыніць машыну, але кіроўца праігнараваў патрабаванні і працягнуў рух.

«Службовы нарад стаў пераследваць правапарушальніка. Падчас пагоні мужчына не выконваў патрабаванні аб прыпыненні, ствараючы рэальную пагрозу іншым удзельнікам дарожнага руху. Каля 18.40, пры ўездзе ў сталіцу, кіроўца «Мерседэса» не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з «Вольва», якая рухалася ў спадарожным кірунку», — адзначылі ў УУС.

Пасля ДТЗ правапарушальнік паспрабаваў рухацца далей, таму было прынята рашэнне выкарыстаць табельную зброю. Інспектар стрэліў у правае пярэдняе кола, пасля чаго аўтамабіль спыніўся.

За рулём «Мерседэса» знаходзіўся непрацуючы жыхар Бабруйска 1988 года нараджэння. У дачыненні да яго складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за адмову ад медагляду.

Падчас пагоні ніхто не пацярпеў. Аўтамабіль дастаўлены на штрафстаянку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0