Брат Эмануіла Зэльцэра сьцьвярджае, што расейскі бізнэсовец Барыс Беразоўскі даў паказаньні ў Менскім гарадзкім судзе ў якасьці сьведкі.
Аб гэтым Марк Зельцэр паведаміў у інтэрвію БелаПАН. Па ягоных зьвесткам, гэта адбылося 5 жніўня.
У афіцыйных структурах дадзеную інфармацыю не камэнтуюць. У прыватнасьці, у Менскім гарадзкім судзе заявілі, што не падаюць зьвестак аб сьведках, выкліканых для дачы паказаньняў. У Дзяржаўным памежным камітэце таксама адмовіліся паведаміць, ці перасякаў Б.Беразоўскі мяжу, спасылаючыся на прыватнасьць падобнай інфармацыі. Не атрымоўваецца пакуль зьвязацца і з самім Беразоўскім.
Працэс па крымінальнай справе ў дачыненьні да амэрыканскага грамадзяніна юрыста Эмануіла Зэльцэра, які быў затрыманым ў Менску 12 сакавіка, пачаўся 30 ліпеня. Слуханьні ў Менскам гарадзкім судзе праходзяць у закрытым рэжыме, бо дадзеная справа мае статус дзяржаўнай таямніцы. Зэльцэру інкрымінуецца выкарыстаньне загадзя ілжывых афіцыйных дакумэнтаў, кантрабанда наркатычных сродкаў і камэрцыйны шпіянаж. Яму пагражае да сямі гадоў зьняволеньня.
Сваякі і сябры падсуднага не аднойчы заяўлялі аб тым, што Б.Беразоўскі мае дачыненьне да арышту Э.Зэльцэра. Сам расейскі бізнэсовец, які пражывае ў Вялікабрытаніі, пацьвердзіў у прэсе, што падаў Зэльцэру асабісты самалёт для паездкі ў Менск. Ён таксама заявіў, што сустракаўся ў Лёндане з групай беларускіх сьледчых для дачы паказаньняў па справе Зэльцэра.
Сваякі Зэльцэра і, у прыватнасьці, ягоны брат Марк Зэльцэр, зьвязваюць затрыманьне Эмануіла ў Беларусі зь ягонай справай па спадчыне Бадры Патаркацышвілі.