Мы звыкліся лічыць, што Аль‑Джазіра — гэта Бін Ладэн з «калашнікавым», талібы ў чалмах ды незразумелая вязь арабскіх літараў. Насамрэч жа, гэта цалкам рэспэктабэльны, лібэральны ды па‑заходняму прафэсійны тэлеканал, які надае, у тым ліку, увагу Беларусі.

Перадача «Listening Post» — гэта 20 хвілінаў эфірнага часу, цягам якіх вядучы ў студыі прэзэнтуе відэаматэрыялы, прысьвечаныя адной тэме, у нашым выпадку — Беларусі. Рэпартэр Аль‑Джазіры Сайман Астроўскі прывёз зь Беларусі ажно два вялікія сюжэты — адзін пра стан беларускіх мэдыяў, а другі — пра тое, як дзяржава сваёй навязьлівай падтрымкай замінае музыкам працаваць.

першая частка перадачы

Параўноўваючы рэпартажы ВВС і Аль‑Джазіры, нельга не ўсьміхнуцца: мы зноў бачым кадры ранішняга Менску, зноў мінімум руху на вуліцах, хіба што ў гэтым выпадку апэратар узьлез не на «Юбілейку», а на гатэль «Беларусь». Здаецца, відэашэраг рэпартажаў наўпрост залежыць ад таго, у якім гатэлі спыняюцца журналісты. «Гэтае месца лічыцца апошняй дыктатурай Эўропы», — чуецца голас журналіста за кадрам пад акампанэмэнт злавеснай музыкі.

Сымон Астроўскі мае намер разабрацца, ці сапраўды Лукашэнка спрабуе выправіць адносіны з Захадам — на прыкладзе беларускіх мэдыяў. Пачынаецца ўсё ў Берасьцейскай фартэцыі, дзе ідзе сустрэча Пуціна ды Мядзьведзева. Кадры трапляюцца сапраўды анэкдатычныя. Вось, напрыклад, эпізод, у якім Павал Лёгкі, прэс‑сакратар Лукашэнкі, так старанна апякуецца журналістамі, што сам хапае штатыў ад відэакамэры апэратара Аль‑Джазіры ды подбегам нясе яго да месца прэс‑канфэрэнцыі.

Але гэтая ідылія падманлівая. Спроба Саймана задаць незаплянаванае пытаньне Лукашэнку правальваецца. «На беларускіх прэс‑канфэрэнцыях няма калі задаваць пытаньні», — робіць выснову журналіст.

Пачуўшы пра тое, што ў парлямэнце разглядаецца новы закон аб СМІ, Астроўскі кіруецца ў Менск. Алесь Анціпенка ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў тлумачыць гледачам Аль‑Джазіры падводныя камяні новага закону. «Але ў Беларусі нават проста паведамляць пра навіны таксама можа быць небясьпечным», — заўважае рэпарцёр і скіроўваецца ў рэдакцыю «Нашай Нівы», дзе бярэ інтэрвію ў Андрэя Лянкевіча ды Сямёна Печанка, якія былі арыштаваныя ў часе сёлетнягя Дня Волі.

Выслухаўшы адзін бок, Сымон Астроўскі скіроўваецца за лінію мэдыйнага фронту — да Паўла Якубовіча. Раскоша кабінэта галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь Сегодня» ўражвае.

Патанаючы ў глыбінях скуранога фатэля, Сымон Астроўскі слухае аповед Паўла Якубовіча, які папыхвае сваёй нязьменнай піпкай. «Я не магу крытыкаваць дзейнасьць прэзыдэнта, — прызнаецца галоўны рэдактар. — Таму што прэзыдэнцкая адміністрацыя з’яўляецца суўладальніцай маёй газэты».

«Я прыехаў сюды з адкрытым сэрцам, спадзеючыся, што прэзыдэнт сапраўды вырашыў зьмяніць нешта да лепшага», — зь лёгкім сумам у голасе кажа Сымон Астроўскі, якога спыніў мажны ахоўнік на плошчы Незалежнасьці. «Але пакуль правяралі мае паперы, я зразумеў, што гэтай краіне яшчэ далёка да таго, каб скінуць свой савецкі імідж».

другая частка перадачы

Бонусам да рэпартажу ў праграме «Listening Post» ідзе рубрыка «Галасы сусьветнай вёскі», дзе брытанскія экспэрты кажуць пра праблемы Беларусі.

Ляйтматыў такі: абмежаваньні свабоды мэдыяў у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня будуць мець плёну.
Акрамя гэтага паказваюць невялікую падборку інфармацыі пра непадцэнзурную палітычную флэш‑анімацыю, фільм Юр’я Хашчавацкага «Плошча», Белсат і стан інтэрнэту ў краіне. Нарэшце, гледачам прэзэнтуюць другі рэпартаж Саймана Астроўскага. «У Беларусі хапае адзнак таго, што ты знаходзішся ў Беларусі», — саркастычна кажа рэпарцёр, стоячы на праспэкце Пераможцаў, дзе дамы пярэсьцяць чырвона‑зялёнымі транспарантамі. Гэта датычыцца і радыёхваляў, дзе 75% музыкі павінна быць беларускай. Але, як выяўляецца, гэтым станам мала хто задаволены.

Вось саліст гурту «Атлянтыка» грае на фартэп’яна ў рэстарацыі. Сытуацыя на радыёхвалях яго не задавальняе: круцяць часьцей, але папулярнасьць падае.

Астроўскі ідзе ў студыю Радыё Бі‑Эй, дзе дыджэі скардзяцца на тое, што слухачы ня хочуць слухаць беларускіх музыкаў, а тыя, у сваю чаргу, ня могуць прапанаваць якасных трэкаў. Таму, маўляў, даводзіцца шукаць беларускія карані ў замежных выканаўцаў.

Рэпарцёр Аль‑Джазіры, аднак, трапна заўважае, што ў сваіх пошуках дыджэі часьцяком не заўважаюць гуртоў, якія сьпяваюць па‑беларуску. Пра гэта кажа і Лявон Казакоў, які піша песьні для фолькавага гурту «Рокаш», і Піт Паўлаў з N.R.M.

«Правіла 75% мусіла зьменшыць замежны ўплыў і зрабіць радыё больш беларускім. Але ў выніку падтрымку атрымліваюць толькі тыя, хто капіюе замежную музыку, а ўсе астатнія прыціскаюцца», — робіць выснову Сайман Астроўскі.

На дэсэрт дыктар «Listening Post» прапануе гледачам кліп «Слухай бацьку» — «песьню, якую Аляксандар Лукашэнка не стамляецца слухаць, бо яна напісаная адмыслова пра яго».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?