Ударны беспілотны лятальны апарат (БПЛА) быў паказаны ў эфіры праграмы «Арсенал» беларускага «ВаенТБ». Хоць раней гэты апарат не дэманстраваўся публіцы, ягонае з'яўленне аніяк не было пракаментавана ў эфіры.

Наколькі відаць на скрыншоце з відэа, беспілотнік узброены парай рэактыўных гранатамётаў ці агнямётаў, ідэнтыфікаваць якія цяжка.

У пачатку сакавіка Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт паведамляў, што 558-ы авіяцыйны рамонтны завод пакажа на выставе «LIMA-2017» у Малайзіі «шырокую лінейку беспілотных лятальных апаратаў», як самалётнага тыпу, гэтак і «вертыкальнага ўзлёту і пасадкі (тыпу квадракоптар)». Але існуючы беспілотны квадракоптар «Шэршань» не падобны на паказаную машыну.

БАК «Шэршань». Фота з сайта 558arp.by

БАК «Шэршань». Фота з сайта 558arp.by

Прадэманстраваныя кадры ілюстравалі сумесныя вучэнні беларускіх парашутыстаў з Сіл спецыяльных аперацый і роты расейскіх дэсантнікаў у Віцебскай вобласці. Разам з імі ўдзельнічаў спецыяльны атрад хуткага рэагавання Унутраных войскаў МУС Беларусі. Вучэнні адбываліся 11-13 красавіка.

Праграма «Арсенал», у якой паказаны баявы квадракоптар.

«Пра нацыянальную прыналежнасць дрона нічога не паведамляецца, аднак адзначым, што ў пераліку расейскіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў вучэнні, падраздзяленні БПЛА не згадваліся», — піша беларускі незалежны блог, які спецыялізуецца на праблемах нацыянальнай бяспекі.

У 2017 годзе адным з прыярытэтаў беларускай вайсковай прамысловасці названая распрацоўка беспілотных лятальных апаратаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца амаль у кожным узброеным канфлікце. Першым буйным канфліктам, у якім БПЛА шырока выкарыстоўваюцца для выведкі ікарэктыроўкі артылерыйскага агню з абодвух бакоў, стала вайна на Данбасе.

Таксама ў студзені старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў казаў, што ў 2017 годзе плануецца выпрабаваць гранатамёт беларускай вытворчасці.

«Мы ў гэтым годзе будзем выпрабоўваць уласны гранатамёт, супрацьтанкавы ракетны комплекс», — сказаў тады чыноўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?