Чатырохметровую харугву гетмана Крыштофа Радзівіла ўпершыню прэзентуюць на выставе ў Мірскім замку. Як паведамілі БЕЛТА ў музеі замка, на выстаўцы можна ўбачыць арыгінальныя ваенныя харугвы.

Адкрыццё міжнароднага праекта «Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стагоддзя» запланавана 21 красавіка.

Адна з галоўных задач сумеснага міжнароднага праекта музея «Замкавы комплекс «Мір» і Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, рэгіянальнага музея Біржайскага краю «Села» (Літва), Музея арміі (Швецыя) — расказаць шырокай аўдыторыі не толькі класічную гісторыю Паўночных войнаў, а перш за ўсё гісторыю людзей, грамадстваў, тагачасных таварыстваў, дзяржаў, ваенных інстытутаў, ваеннай культуры і тэхналогій, іх цесную ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў.

Работа над маштабнай выставай працягвалася два гады. Немалую ролю ва ўвасабленні ідэі праекта ў рэальнасць адыграў міжнародны праект MOST і Інстытут імя Гётэ. У беларускага гледача ўпершыню з'явілася магчымасць азнаёміцца з арыгінальнымі ваеннымі харугвамі, якія прывезены з Музея арміі (Стакгольм). Асаблівае месца сярод экспанатаў займае чатырохметровая харугва гетмана Крыштофа Радзівіла з выявай княжацкага герба.

Наведвальнікам выставы даецца магчымасць уявіць, якім быў Мірскі замак і яго навакольная мясцовасць у XVII-XVIII стагоддзях, а таксама азнаёміцца з гісторыяй Паўночных войнаў праз гравіраваныя партрэты і батальныя сцэны, планы і карты, медалі і манеты, гаспадарчыя рэчы, сцягі і прадметы раскошы, рэдкія артэфакты вайны.

Выстава працягнецца па 24 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0