Глабальнымі сусветнымі трэндамі ў найбліжэйшыя гады стануць ўкараненне штучнага інтэлекту на шматлікія прылады, рост выдаткаў карпарацый на IT-паслугі і счытванне біяметрычных дадзеных у розных сферах. Міжнародная сетка Deloitte апублікавала новае даследаванне, у якім эксперты прагназуюць развіццё найноўшых тэхналогій. Пра тое, як дадзеныя трэнды паўплываюць на Беларусь і айчынны сектар IT, мы папрасілі пракаментаваць вядомага беларускага IT-прадпрымальніка Віктара Пракапеню.

Машыннае навучанне: смартфоны стануць яшчэ разумнейшымі

Тэхналогія машыннага навучання (навучанне і развіццё штучнага інтэлекту ў працэсе вырашэння мноства падобных задач) — адзін з ключавых і ўплывовых трэндаў. Паводле даследавання, на працягу года будзе прададзена каля 300 млн смартфонаў, абсталяваных гэтай функцыяй.

Ужо ў бліжэйшы час тэхналогія дапаможа навігацыі ў закрытых памяшканнях, класіфікацыі малюнкаў, развіццю дапоўненай рэальнасці, а таксама распазнанню маўлення і перакладу нават пры адсутнасці сувязі. У перспектыве ж машыннае навучанне будзе прымяняцца ў беспілотных лятальных апаратах, легкавых аўтамабілях, прыладах віртуальнай або дапоўненай рэальнасці, у медыцынскім абсталяванні, у прыборах, падлучаных да інтэрнэту рэчаў.

Аўтары даследавання адзначаюць, што машыннае навучанне карэнным чынам зменіць узаемадзеянне чалавека і тэхналогій ва ўсіх галінах эканомікі.

Віктар Пракапеня: Я думаю, што не будзе ў свеце краін, на якія трэнд машыннага навучання і штучнага інтэлекту не акажа істотнага ўплыву. Аб'ём эканамічнай карысці, якая можа быць створана, дастаткова добра характарызуецца меркаваннем пра тое, што першыя трыліянеры на нашай планеце з'явяцца ў выглядзе стваральнікаў прадуктаў з выкарыстаннем тэхналогій машыннага навучання.

Таксама існуе меркаванне, што развіццё машыннага навучання нават зменіць чалавецтва як біялагічны від, а магчыма — прывядзе да стварэння новай, штучнай формы жыцця. Невядома, хто будзе мець рацыю, але відавочна, што мы гаворым пра вельмі маштабныя змены свету. Беларускі IT-сектар хутка і дынамічна развіваецца. Паглядзіце, якая колькасць IT-мерапрыемстваў праходзіць у нашай краіне пастаянна. Ні адна іншая індустрыя ў Беларусі не можа пахваліцца хоць чымсьці аддалена падобным. Я веру, што беларускія спецыялісты змогуць актыўна ўдзельнічаць у развіцці трэнду машыннага навучання.

Выдаткі бізнэсу на IT-сэрвісы вырастуць больш чым на 50%

Эксперты Deloitte прагназуюць значны рост выдаткаў бізнэсу на IT-сэрвісы ў найбліжэйшы час. Па іх ацэнак, да канца 2018 года агульныя выдаткі на абслугоўванне ў дата-цэнтрах, выдаткі на праграмнае забеспячэнне і IT-падтрымку вырастуць з $361 млрд у 2016 года да амаль $550 млрд.

Кошт IT-сэрвісаў дазваляе пазбегнуць значных капітальных выдаткаў і забяспечвае прагназаваныя выдаткі на аснове фактычнага выкарыстання, якое лёгка маштабуецца ў залежнасці ад патрэбаў бізнэсу.

Віктар Пракапеня: Беларускі IT-сектар расце двухзначнымі лічбамі шмат гадоў. У выпадку, калі дзяржаўная падтрымка дадзенага сектара працягнецца, я думаю, што мы можам назіраць такія ж тэмпы росту і далей.

Інтэрнэт рэчаў на службе хакераў?

Размеркаваныя кібератакі па тыпу «адмова ў абслугоўванні» (DDoS-напады) стануць больш частымі і стануць больш маштабнымі. Паводле даследавання, сярэдні маштаб нападаў у месяц перавысіць адзін тэрабіт у секунду, іх агульная колькасць перасягне 10 млн, а сярэдняя магутнасць атакі складзе 1,25—1,5 гігабіту у секунду (Гбіт/сек).

Міжвольным памочнікам хакераў стане інтэрнэт рэчаў — неабароненыя прылады, падлучаныя да яго, могуць выкарыстоўвацца нават неспрактыкаванымі зламыснікамі для павелічэння магутнасці кібератакі.

Віктар Пракапеня: Кібербяспека, бясспрэчна, адна з самых вялікіх праблем, якiя ствараюцца тэхналагічным прагрэсам апошніх дзесяцігоддзяў. У кнігах па ваеннай стратэгіі часта пішуць пра тое, што людзі звычайна рыхтуюць сябе да той вайны, што калісьці была, замест таго, каб рыхтавацца да той новай вайны, якая будзе. DDoS, на мой погляд, можа быць добрым таму прыкладам.

Ёсць вялікая імавернасць таго, што алгарытмы машыннага навучання змогуць паменшыць памер праблемы DDOS у дзясяткі ці сотні разоў, як гэта ў свой час адбылося са спамам. Я думаю, што нас чакаюць праблемы кібербяспекі зусім іншага ўзроўню, і вельмі складана зрабіць якія-небудзь прадказанні ў гэтых адносінах. У цэлым мне падабаецца ідэя пра тое, што любыя эканамічныя прадказанні нічога не кажуць нам пра будучыню, але затое распавядаюць многае пра тое, хто іх робіць.

Планшэты ўжо не ў трэндзе

Продажы планшэтаў будуць падаць. Паводле ацэнак спецыялістаў Deloitte, у 2017 годзе яны знізяцца прыкладна на 10% да 165 млн, у той час як у 2016 годзе было прададзена 182 млн.

Пры гэтым попыт на смартфоны, тэлевізары і камп'ютары застаецца стабільным. Падобна на тое, пік попыту на планшэты застаўся ззаду.

Віктар Пракапеня: Каля 10 гадоў таму я быў на канферэнцыі. Там жа быў спікер з Nokia, які сур'ёзна казаў, што пытанне на мільярд даляраў: якога памеру павінен быць мабільны тэлефон. Самы вялікі памер, які ён не пабаяўся назваць, быў сувымерны з пачкам цыгарэт. Сёння мы бачым, што 5,5 цалі — экран iPhone 7 — не мяжа, а Nokia у тым выглядзе, у якім яна была тады, перастала існаваць.

Ніхто не ведае, як будзе выглядаць мабільная прылада будучыні, які менавіта спосаб перадачы інфармацыі ад чалавека прыладзе будзе выкарыстоўвацца. Я вельмі веру ў тое, што дапоўненая рэальнасць створыць велізарную колькасць эканамічнай каштоўнасці і вакол яе будуць развівацца новыя камп'ютарныя прылады будучыні. Пра гэта цяпер кажуць кіраўнікі вялікіх IT -карпарацый, у гэтым кірунку ідуць велізарныя інвестыцыі, і над гэтымі пытаннямі працуе вялікая колькасць таленавітых людзей.

Ужо сёння многія кажуць не столькі пра тэлефон, як пра асноўную прыладу, як пра камеру ў ім. Камера можа быць новай клавіятурай, калі будуць створаны спосабы ўзаемадзеяння паміж чалавекам і камп'ютарам без інтэрфейсаў. Кожны дзень кампаніі тэстуюць новыя прылады, аднак якой менавіта будзе мабільная прылада будучыні, нават складана ўявіць. Ёсць меркаванні, што большая частка чалавечага цела можа быць мабільнай прыладай, прычым неабавязкова суцэльнай. Цалкам магчыма наяўнасць у аднаго мозгу некалькіх целаў і адначасовае знаходжанне на некалькіх кантынентах адной і той жа асобы.

Падчас напісання гэтага тэксту выйшла навіна пра тое, што Ілан Маск стварыў кампанію, якая будзе распрацоўваць прылады для наўпростага злучэння мозгу і камп'ютара. Ужо цяпер няма сумненняў у тым, што мы праз нейкі час пабачым мабільныя прылады, якія кіруюцца сілай думкі — без клавіятур, мышак і тачпадаў. Наступныя 50 гадоў абяцаюць быць вельмі цікавымі.

Біяметрычныя сродкі абароны трывала ўвойдуць у наша жыццё

У пачатку 2017 году колькасць прылад з функцыяй біяметрычнага счытвальніка адбіткаў пальцаў перавысіла адзін мільярд.

Адным з трэндаў стане пашырэнне выкарыстання тэхналогіі счытвання адбіткаў пальцаў і іншых біяметрычных параметраў чалавека. Гэта дазволіць забяспечваць аператыўную і надзейную ідэнтыфікацыю асобы, што, у сваю чаргу, зробіць свет больш бяспечным.

5G. Сувязь новага пакалення

Толькі-толькі ў Беларусі пачала ўкараняцца сувязь чацвёртага пакалення (4G), як ужо трэба рыхтавацца да новай «рэвалюцыі» — імклівага развіцця 5G.

У 2017 годзе будуць зробленыя найважнейшыя крокі ў кірунку разгортвання сетак мабільнай сувязі пятага пакалення, сцвярджаюць эксперты Deloitte. Абнаўленне сетак чацвёртага пакалення (4G), а таксама абмежаванае ўжыванне першых сетак 5G дадуць карыстальнікам і аператарам высокую хуткасць, меншую затрымку сігналу і магчымасць падтрымкі нізкавольтных і нізкахуткасных прылад інтэрнэту рэчаў.

Наколькі ўнутрыбеларускія трэнды супадуць з міжнароднымі?

«Я не разумею словазлучэння «ўнутрыбеларускі трэнд». Свет глабальны, дзяржаўныя межы і іншыя абмежаванні — гэта парадыгмы мінулага. У Беларусі свабодны інтэрнэт, існуюць сучасныя стандарты сувязі, дастаткова ліберальнае заканадаўства ў дачыненні да IT-кампаній, адкрытыя межы. Таму казаць можна толькі аб сусветных трэндах і пра Беларусь як адну з краін, дзе яны праявяцца.

Глабальная аўтаматызацыя ўжо істотна змяніла рынак працы. Калі прагнозы, напрыклад, пра тое, што ў грамадстве будзе працоўных месцаў толькі на 10% насельніцтва, спраўдзяцца, то свет, у якім мы будзем жыць праз 50 гадоў, будзе прынцыпова адрознівацца ад таго, у якім мы жывем зараз, літаральна ва ўсім. І гэта здарыцца ва ўсіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі», — падводзіць вынік Віктар Пракапеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0