19.04.2017 / 06:27

Як праходзяць дэмакратычныя выбары ў асобна ўзятай беларускай вёсцы — рэпартаж 19

Карэспандэнты «Нашай Нівы» на свае вочы ўбачылі дэмакратыю ў вёсцы Бельск Кобрынскага раёна.

З перадгісторыі. Зімой Бельск азмрочыла вестка: памерла стараста. «Ларысе было 70 гадоў, яна была на пенсіі, але такой энергічнай жанчынай заставалася ўсё жыццё, з талентам арганізатара ад Бога», — адгукаюцца пра яе мясцовыя жыхары. Пераемніка ёй не могуць знайсці.

«Мы абярэм старасту на сельскім сходзе», — прымае валявое рашэнне старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Валянцін Скакун і накіроўваецца расклейваць аб'явы пра будучыя выбары. Хто ж узначаліць вёску пасля некалькіх месяцаў безуладдзя?

Сцэна I: Каля клуба

На календары — пятніца. Жыхары Бельска — хто на працы, хто каля хаты ўпраўляецца. Многія нават не падазраюць, што сёння а 15.00 у Доме культуры будзе сход: адпаведнай суполкі Укантакце яшчэ няма, а папяровыя лісткі на дошцы аб'яў каля магазіна ўжо не выконваюць сваёй функцыі. І ўсё ж самая актыўная частка насельніцтва патроху сцякаецца да клуба.

Двухпавярховы цагляны будынак бельскага Дома культуры — як і гмах сельсавета ў суседніх Навасёлках — паказваюць, што мясцовая гаспадарка ведала лепшыя часы. Жарты сказаць — перад сельсаветам стаіць помнік Леніну цалкам раённага ўзроўню. Адзнака даволі багатага калгаса. Характарыстыкай сённяшняга стану можа быць вулічная прыбіральня за Домам культуры, якая да яе мае мала дачынення.

Першым на чаканае веча прыбывае кіраўнік сельсавета. Ён прыязджае на «жыгулях»: расійскія «пяцёркі» і «сямёркі» — сапраўды народны транспарт тут. На іх па бельскім асфальце ды гравійках, што вядуць да кобрынска-дзівінскай трасы, рассякае і старшыня, і галоўны аграном, і мясцовыя цыганы.

Сёння старшынёўскія «жыгулі» наведалі раён: толькі што скончылася антыкарупцыйная нарада ў Кобрыне. Старшыня нясе ўлёткі з агітінфармацыяй для непрацаўладкаваных: заклік скарыстацца паслугамі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама. Улётка клеіцца на інфармацыйны стэнд каля вясковай крамы.

«Хто ета вы такія, што ета вы хочаце тут?» — цікавяцца першыя выбаршчыкі. Пачуўшы, што іх наведалі журналісты, тут жа вырашаюць скарыстацца сітуацыяй: «Во добра было б, каб дапамаглі нам. Трактароў нам пару не пашкодзіла б! А яшчэ напішыце, чаму наш калхоз развалілі? Чаму не пішаце пра гэта, га? За яго тут толькі ўсё і трымалася».

Тыя, хто прыйшоў крыху раней, адзначаюць, што час у чаканні цягнецца павольна, як жуйка. Узнікае дыскусія пра абавязкі і кандыдатуру старасты:

— Стараста патрэбны, каб сачыць за парадкам у вёсцы, на зямлі, канфлікты разрульваць…

— Ой, калі я захачу зрабіць беспарадак, я яго ўсё роўна зраблю (мужчыны смяюцца).

 — Дык што ў нас выбіраць, усё даўно ўжо з гэтым вырашана! Казыню ў старасты — і ўсё тут!

— Нічога не вырашана. Казыня мне сам сказаў, што не хоча.

— Ну, а што ў нас іншых людзей годных няма? Знойдуцца!

Каля Дома культуры ў чаканні выбараў.

Тым часам да месца збору падцягваецца бельскі праваслаўны святар — айцец Міхаіл са сваёй матушкай, два супрацоўнікі МНС у форме, пад'язджае на белых «жыгулях» участковы. Мясцовыя сілавікі перад выбарамі павінны правесці для жыхароў Бельска інфармацыйныя хвілінкі. Усе, каго чакалі, у зборы. Пара пачынаць.

Сцэна II: У клубе

У актавай зале холадна, ніхто не рашаецца распрануцца. Ад этыкету не адступаецца толькі старшыня сельсавета. У пінжаку і гальштуку ён значна і гарманічна глядзіцца ў афіцыйных чырвона-зялёных дэкарацыях.

Старшыня сельсавета Валянцін Скакун адзначае, што людзей на сустрэчу з уладай прыйшло мала.

Слова даюць інспектару МНС. Усе прадстаўнікі ўлады гавораць строга па-руску, мясцовай гаворкі саромеюцца:

— Хацелася б пагаварыць на тэму навядзення парадку на прысядзібных участках. На двары вясна, вы актыўна прыбіраеце свае тэрыторыі: збіраеце смецце, спальваеце яго. Але гэта не галоўнае. Небяспека пачынаецца, калі людзі пакідаюць вогнішча без нагляду. Што можа з гэтага выйсці, вы ведаеце самі. Агонь распаўсюдзіцца, перакінецца на дом. Грамадзяне, будзьце асцярожнымi! Калі ў вас ёсць дадатковыя пытанні, задавайце.

Пытанняў з залы, як тое часта бывае на падобных мерапрыемствах, не паступае. Калега інспектара МНС робіць яшчэ некалькі здымкаў для будучай справаздачы, і мужчыны ў форме спяшаюцца да выхаду. У іх рухах чытаецца палёгка і пачуцце выкананага абавязку.

Прамоўніцкую эстафету перадаюць святару. Бацюшка Міхаіл — не які-небудзь замшэлы рэтраград: пяць хвілін таму ён захаваў на смартфоне пазітыўнае сэлфі з матушкай. Са сваім гаджэтам ён не расстаецца: нават падчас выступу круціць яго ў руках.

Айцец Міхаіл нагадаў пра адказнасць за чысціню на могілках.

— Не забывайце, што могілкі — гэта наш другі дом…

А памяць аб памерлых продках — наш святы абавязак. Ёсць у нас людзі, якія магілку прыбяруць, а потым нясуць смецце, не ў спецыяльнае месца, а ў канал. Зробіш такім заўвагу, а ім хоць бы што. Сумлення няма аніякага, — бацюшка паміж радкоў намякае, што на могілках смецяць баптысты. Гэта другая па колькасці вернікаў бельская канфесія, і ў словах бацюшкі адчуваецца лёгкая рэўнасць. Народ на словы пра баптыстаў адмоўчваецца, і імправізаваную трыбуну зноў займае Валянцін Скакун.

Ён зачытвае аб'яву аб працаўладкаванні, прычым робіць гэта настолькі хутка, што слых улоўлівае толькі асобныя словы накшталт «дармаеда» і «дэкрэта». У кагосьці ў кішэні раптам звініць тэлефон, рэчытатыў старшыні зліваецца з гэтым рынгтонам і пачынае нагадваць канцэптуальны, сацыяльны рэп.

Наступным нумарам у праграме — выступ участковага Вадзіма Рачко. Мужчына просіць прабачэння за камуфляжную рыбацкую форму: выдаткі прафесіі, якая нярэдка патрабуе змены іміджу. Пачынае Вадзім Мікалаевіч з добрай весткі, якая таксама тычыцца могілак — супрацоўнікам міліцыі ўдалося «ізвлечь нужного человека». У перакладзе са спецыяльнай лексікі гэта азначае «затрымаць».

Участковы Вадзім Рачко развесяліў усіх службовымі байкамі.

Той чалавек «нанёс чорную фарбу на помнікі былых супрацоўнікаў выканкама і калгаса: такім чынам ён звёў з імі асабістыя рахункі». Прычым не проста нанёс на помнікі, як расказалі пасля мужыкі на ганку, а замазаў той чорнай фарбай вочы на фотках нябожчыкаў.

Аказваецца, жыхары Бельска настолькі суровыя, што помсцяць нават мёртвым. Апроч гэтага, высвятляецца з далейшай прамовы ўчастковага, яны працягваюць захоўваць грошы ў панчохах і слоіках, схаваных у куратніках.

— Усе мы ведаем, што існуе мноства спецыялізаваных устаноў для захоўвання грашовых сродкаў. Дык навошта ж вы працягваеце хаваць іх у панчохах, дапамагаючы нажыцца зламыснікам і ўскладняючы жыццё супрацоўнікам міліцыі?!

Участковы меў на ўвазе, што на прыхаваныя ў панчохах ды бляшанках грошы квапяцца злодзеі.

Сцэна III: Выбары

Надыходзіць час для самага важнага пункту парадку дня — выбараў старасты. Зала Дома культуры не ацяпляецца, змерзлым гледачам і слухачам ужо не церпіцца аддаць свой голас найлепшаму.

Жыхары стаміліся чакаць галоўную падзею сходу.

— Я б мог выбраць свайго намесніка, правую руку, вочы і вушы Бельска самастойна, але хачу, каб усё прайшло дэмакратычна! Каб менавіта вы абралі таго, каго будзеце любіць і паважаць, дзяліцца з ім набалелым. Прапаноўвайце свайго кандыдата, — заводзіць натоўп з двух дзясяткаў чалавек старшыня.

— Тут і вырашаць няма чаго. Казыню Пятра Мікалаевіча ў старасты! Ён дырэктар сельскага клуба, заўсёды знаходзіцца ў цэнтры вёскі, усе да яго і так сцякаюцца… — адразу чуецца голас галоўнага агранома Алены Уладзіміраўны. Яе прамова пакідае ўражанне «хатняй загатоўкі». 

Усе станоўча гудуць.

— Як вы не панімаеце? Няма калі мне! У мяне 9 мая набліжаецца, святы. 10 гурткоў вяду! — быццам укушаны падскоквае з дэрмацінавага крэсла загадчык клуба.

Дырэктар клуба супраць сваёй кандыдатуры.

— Дык ты, Пеця, усіх і на святы арганізуеш, і на іншыя справы добрыя!

— Я яшчэ ў аўтаклубе заняты. Вакол вялікі фронт работы, — працягвае адхрышчвацца ад новай пасады мужчына.

— У сэнсе сувязі з раёнам вельмі добрая б была ваша кандыдатура, — не сціхаюць выбаршчыкі.

Прысутныя ніяк не могуць дамовіцца.

Зала горача спрачаецца, усе галасы змешваюцца ў адзіны хор, пакуль, нарэшце, з яго зноў не вылучаецца альт галоўнага агранома Алены:

— Ой, Пятро. Давай я буду і старастам, і заўклуба, а ты маімі абавязкамі займешся. Сагласны? Я лічу, што грэшна адмаўляцца, калі землякі просяць, Пятро Мікалаевіч.

— А, можа, і праўда, Алену Уладзіміраўну прызначым, а?

— Я б і хацела, ды не магу! Зараз пасяўная пачнецца, часу ў мяне ні грама не будзе. Настойваю на маладым чалавеку! Ён мужык, чаму б яму не пайсці? Калі трэба чымсьці дапамагчы, дапаможам! Я разумею, што не хочацца лішняй нагрузкі на галаву, але…

 — А можа Васіля Пятровіча? Ён у нас чалавек вольны, пенсіянер!

— Не, дзякуй. У мяне ні здароўя няма, ні жылкі каманднай…

 — Дамаўляйцеся, грамадзяне, я ж спецыяльна хацеў, каб вы свабодна выбіралі, — падганяе Валянцін Скакун.

— Божа, калі мы нават на месцы не можам дамовіцца, што ўжо казаць пра больш высокі гасударсцвенны ўзровень, — злуецца жанчына-аграном.

— Давайце абярэм Каменчука!

— Дык яго ж няма з намі сёння. Хаця … Я не думаю, каб ён быў супраць. Што сказаў Камянчук? Вы яму прапаноўвалі?

— Мікалая Іванавіча вёска падтрымала б — сто працэнтаў. Ён газ усім летась дапамог правесці, прадпрымальнік, чалавек паважаны. І людзі яму давяраюць!

— Можа, пазваніць яму? Перад фактам паставіць.

— Не, ну як жа можна выбіраць чалавека, які на выбары не прыйшоў?

Камянчук — гэта мясцовы прадпрымальнік, «мясны кароль», як клічуць яго землякі. Людзі працягваюць люта спрачацца.

— Дык што рабіць будзем? — задаецца пытаннем Чарнышэўскага старшыня сельсавета. Усе сыходзяцца на тым, што трэба пару дзён падумаць і зноў сабрацца — каля царквы, адразу ж пасля нядзельнага набажэнства.

Прысутныя дамаўляюцца яшчэ крыху падумаць.

Выбары скончыліся. Жыхары Бельска разыходзяцца, незадаволеныя адсутнасцю вынікаў сходу. Атрымаць хоць нейкі толк ад збору высокапастаўленых чыноў у адной зале спрабуе, падарваўшыся з месца, адзін з удзельнікаў. На выгляд яму гадоў 50. Ён ўпэўнена і грозна рухаецца ў кірунку старшыні. Спыняе яго толькі стол, які становіцца гэтакім бар'ерам паміж прадстаўнікамі народа і ўлады.

— У мяне стажу сорак гадоў, а пенсію атрымаць не магу, бо ўзрост пенсійны павысілі. І дзе справядлівасць?

Мужчына спадзяецца, што цяпер яму, калі не дапамогуць, дык хаця б паспачуваюць. Аднак з таго боку стала чуецца: «Гэта пытанне не да мяне. Гэта вам у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны».

Сцэна IV: «Anarchy» in Belsk

Дазваніўшыся да старшыні Навасёлкаўскага сельсавета праз тыдзень пасля сходу, каб пачуць імя новага старасты, мы са здзіўленнем даведваемся, што выбары яшчэ не завяршыліся.

«Я пайшоў у царкву, там людзей угаворваў старастам стаць. Спачатку адзін пагадзіўся, потым зноў адмовіўся. Сёння заехаў яшчэ да аднаго мужыка: ён за старой маці прыехаў прыглядаць, дык яму папярэдне з жонкай трэба параіцца. Ніхто не хоча на сябе адказнасць браць, бачыце! Можа, калі б плацілі больш за гэта, тады згаджаліся б, але старасты атрымліваюць усяго адну базавую ў месяц ды прэмію раз на квартал», — разважае старшыня сельсавета.

Так выбары ў Бельску скончыліся нічым. Вёска працягнула жыць у «анархіі», скончыць з якой Валянцін Скакун плануе не пазней за ліпень. Дэмакратычным шляхам або аўтарытарным — цяпер яму ўжо няважна.

Чытайце таксама: Як у палескай вёсцы жыве самая маладая ў Беларусі мама шасцярых дзяцей

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

0
AS/DS фарэвар / Адказаць
19.04.2017 / 07:13
Па сярэдзіне тэксту прыйшло пачуцце, што гэта чарговы твор Горвата Андруся. Аўтар пешы ісчо!😂
4
алекс / Адказаць
19.04.2017 / 07:24
Артыкул СУПЕР! Редко интересуюсь именем автора но только не в этот раз. Кацярына Карпіцкая БРАВО!)) Фото Гудзіліна это всегда Класс Маэстро! 1-е фото во 2-й сцэне это вообще нетленка. Памятник 23 летней эпохе постсовка. Честное слово!))
1
йо-хо-хо / Адказаць
19.04.2017 / 07:25
У нас начальнікам таксама быуь ніхто няхоча -- столькі справахдач і планёрак, што асноўныя абавязкі няма калі рабіць :/
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру