Улады гораду Арль на поўдні Францыі забаранілі выступаць 10‑гадоваму матадору, які стаўся зоркай карыды ў Мэксыцы. Мішэль Лагравэрэ Пэнічэ, які атрымаў мянушку «Міхэліта», выступае з шасьці гадоў і за гэты час забіў 60 маладых быкоў.

У Францыі ён мусіў быў прыняць удзел у разнавіднасьці карыды, у якой быка не забіваюць у канцы. Да гэтага было аб’яўлена, што ня будзе карыды з удзелам Міхэліты ў іншым горадзе Фантв’ей. Аднак у якасьці афіцыйнай прычыны адмены імпрэзы былі названыя меркаваньні бясьпекі.

У інтэрвію агенцтву Франс прэс Міхэліта выказаў шкадаваньне з нагоды адмены ягоных выступленьняў:

«Гэта як калі б дзіцёнку, які любіць футбол, забаранілі гуляць».

Прадстаўнікі арганізацыі, якая выступае супраць правядзеньня карыды, раскрытыкавалі ўдзел дзіця ў гэткіх прадстаўленьнях.

Кіраўнік «Асацыяцыі супраць карыды» Клэр Старажынскі падтрымала рашэньне мясцовых уладаў:

«Нават калі прыняць да ўвагі, што быка не забіваюць, усё роўна існуе істотная рызыка траўмы дзіцяці вагой у 30 кіляграмаў, якой выходзіць адзін на адзін з жывёлай, якая важыць больш за 200 кг.»

Акрамя таго, праціўнікі карыды нагадваюць пра законы, якія рэгулююць права непаўналетніх на працу.

«Я вельмі зьдзіўлены рашэньнем уладаў», — кажа бацька Міхэліты, колішні матадор Мішэль Лагравэрэ.

Паводле ягоных слолў, праціўнікі карыды вырашылі адыграцца на ягоным сыне, бо ён стаў зоркай карыды ў Мэксыцы.

Паводле BBC

Фота з сайту cesarteran.blogspot.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0