У Пінску сёння адбылася ўрачыстая цырымонія спуску на ваду першага ў Беларусі круізнага цеплахода «Белая Русь», перадае БЕЛТА.

«Гэта першае судна такога прызначэння. Падобнага няма ў іншых рэгіёнах Беларусі. Ёсць новыя пасажырскія цеплаходы ў Віцебску, Магілёве, на Аўгустоўскім канале, але яны не маюць такога набору паслуг, як «Белая Русь», і не разлічаны на арганізацыю працяглых тураў», — адзначыў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй Чарнобылец. Ён дадаў, што ідэя стварэння круізнага цеплахода накіраваная ў першую чаргу на развіццё ўязнога турызму, а таксама на прыцягненне ў гэты сектар эканомікі бізнэсу.

Стварэнне «Белай Русі» пачалося ў 2011 годзе. У пасажырскі цеплаход было пераабсталяванае тэхнічнае судна. Яго рэканструкцыя вялася па праграме развіцця Прыпяцкага Палесся. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт інавацыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый, уласныя сродкі ў праект ўкладала і РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях».

Чатырохмесная каюта класа эканом

На борце цеплахода ў круізным варыянце могуць знаходзіцца 27 пасажыраў, ёсць магчымасць арганізацыі васьмі дадатковых месцаў. «Падчас круізу з Брэста ў Мазыр прадугледжана дзесяць прыпынкаў. Турысты змогуць пазнаёміцца з этнаграфічным і культурным складнікам рэгіёну, наведаць вытворчыя прадпрыемствы. Мы хочам паказаць гасцям натуральную Беларусь, каб яны пабачылі наша сапраўднае жыццё. І паверце, у нас ёсць што паказаць», — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы «Днепра-Бугскага воднага шляху» Сяргей Зубко.

Каюта люкс «Янка Купала»

Першы рэйс з пасажырамі на борце намечаны на 29 красавіка. Да гэтага часу цеплаход выканае пробны рэйс. Будуць праведзеныя яго тэхнічныя выпрабаванні, а таксама адпрацаванае ўзаемадзеянне каманды.

У люксавых нумарах ёсць прыбіральня з душам

Як паведамляе Tut.bу, першаадкрывальнікамі беларускага рачнога круізу стануць расіяне. На борце яны правядуць 8 дзён і 7 начэй па сістэме «ўсё ўключана» (у тым ліку алкаголь беларускай вытворчасці). Самы бюджэтны варыянт пуцёўкі на аднаго чалавека ў ліпені-жніўні — 350 даляраў, самы дарагі люкс каштуе 2316 даляраў. Пры гэтым палову квіткоў на ўвесь сезон ужо раскупілі.

Працягласць круізу 523 кіламетры. Ісці цеплаход будзе ноччу, а днём для турыстаў прадугледжаная культурная праграма. У спісе забаў: наведванне музеяў, экскурсіі, зялёныя стаянкі з лазняй і барбекю, купанне, прагулкі, рыбалка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0