19.04.2017 / 22:31

МАЗ стварыў машыну, якая ўратуе мінскія вуліцы ад патопаў ФОТА 10

Мінскі аўтамабільны завод разам з дацкай кампаніяй Hvidtved Larsen распрацаваў і сабраў унікальную каналапрамывальную машыну для ачысткі сцёкаў, якая павысіць эфектыўнасць працы гарадскіх калектараў і дазволіць прадухіліць патопы пасля ліўняў, піша Tut.by.

Новая беларуская спецтэхніка прэтэндуе на статус адной з самых перадавых у свеце — яна практычная, зручная, яе кошт складае некалькі сотняў тысяч даляраў, распавялі прадстаўнікі ААТ «МАЗ» падчас прэзентацыі новай машыны ў Мінску.

Беларуска-дацкая машына МАЗ-4926W2 стане першай у сваім класе. Яна здольная прамываць і чысціць ліўневыя і гаспадарча-бытавыя каналізацыйныя калодзежы дыяметрам да метра. Усяго адна такая машына можа пазбавіць гарадскія трубы ад ападкаў і засораў, якія перашкаджаюць працы калектара. Усё гэта, у прыватнасці, дазволіць пазбегнуць затапленняў падчас моцных дажджоў, што актуальна амаль для ўсіх гарадоў.

Навінка ўзяла найлепшае ад двух вытворцаў: беларускае шасі, на якое «пасадзілі» дацкае навясное абсталяванне — цыстэрну на 4 кубаметры вады або ападкаў. Прыводзіць у дзеянне машыну рухавік ад Cummins экалагічнага класа Еўра-4. Для ачысткі выкарыстоўваецца вакуумная помпа, якая накіроўвае ў каналізацыю струмень вады пад вялізным ціскам — да 160 атмасфер. Для параўнання, у шынах ён складае ўсяго 2 атмасферы, а ў пажарным гідранце — да 10. Машына запампоўвае ў калодзеж 127 літраў вады ў хвіліну, то бок максімальны запас здольная выліць за паўгадзіны.

Беларуска-дацкі «чысцільшчык» можа замяніць адразу дзве машыны. Усё дзякуючы рухомай перагародцы ў цыстэрне, якая падзяляе прастору на два адсекі. Па меры расходу вады гідраўлічны поршань ссоўваецца да задняга вечка, каб вызваліць месца для ападкаў з каналізацыі. Калі раней для гэтага даводзілася выкарыстоўваць дзве адзінкі тэхнікі (адна прамывае вадой, іншая збірае адходы), то цяпер справіцца і адна машына.

Машына досыць кампактная — гэта дазволіць дзейнічаць у шчыльнай гарадской забудове, і эканамічная: машына спажывае на траціну менш паліва ў параўнанні з аналагічнай спецтэхнікай.

Тэрмін службы МАЗ-4926W2 перавышае 20 гадоў, прычым незалежна ад умоў эксплуатацыі. Машына можа працаваць і ў мароз, і ў спякоту: вакуумныя краны не замярзаюць за кошт цеплаізаляцыі і электрападагрэву, а перагрэцца не дае сістэма астуджэння. Многія працэсы ў машыне аўтаматызаваныя. Так, сістэма CAN-Bus рэгулюе працу рухавіка ў звязцы з помпамі ў залежнасці ад бягучай сітуацыі.

На Мінскім аўтазаводзе будуць штогод выпускаць каля 10 каналапрамывальных машын. Акрамя Беларусі (толькі Мінску трэба 20 такіх машын), спецтэхніку плануюць пастаўляць у Расію, Украіну, Казахстан і іншыя краіны СНД. Акрамя таго, яна можа з'явіцца ў еўрапейскіх гарадах.

У будучыні МАЗ таксама мае намер распрацаваць яшчэ адну мадэль каналапрамывальнай машыны. Мадэль МАЗ-6516V8 атрымае больш магутны матор і помпу, здольную прапампоўваць да 400 літраў вады ў хвіліну. Машына будзе здольная эфектыўна чысціць буйныя магістральныя сеткі дыяметрам каля двух метраў.

0
Pidzama / Адказаць
19.04.2017 / 23:19
К машинам, которые избавляют улицы от людей теперь прибавятся и машины от потопов.
0
МАЗ-200 / Адказаць
19.04.2017 / 23:39
От МАЗа там только платформа. 
0
Юрась з Монцау / Адказаць
19.04.2017 / 23:49
маз згнiе праз 3-4 гады ,а датскае абсталяванне праз 20 год
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру