Некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў Венесуэлы прынялі ў сераду ўдзел у масавых пратэстных акцыях у сталіцы краіны Каракасе і яшчэ ў 20 гарадах краіны. Як паведамляюць СМІ са спасылкай на відавочцаў, падчас акцыі ў Каракасе студэнт атрымаў кулявое раненне ў галаву, у выніку чаго памёр.
Reuters
Дэманстранты патрабуюць правядзення датэрміновых выбараў і вызвалення з турмы лідараў апазіцыі, піша ВВС.
Апазіцыйныя акцыі, што адбыліся сёння, могуць стаць найбуйнейшымі ў краіне за апошнія тры гады. Актывісты ўжо называюць іх «маці ўсіх пратэстаў» і «другім днём незалежнасці».
Паралельна ў Каракасе прайшоў і марш прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадуры, якія абвінавачваюць апазіцыйных актывістаў у спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот.
AFP
У Венесуэле працягваецца супрацьстаянне паміж прэзідэнтам і апазіцыяй, якая кантралюе парламент. Праціўнікі Мадуры лічаць, што яго палітыка прывяла да наймацнейшага эканамічнага крызісу і падаўлення дэмакратычных свабод.
Паводле даных МВФ, узровень інфляцыі ў краіне сёлета можа перавысіць 700%.
Сам прэзідэнт кажа, што яго апаненты спрабуюць зладзіць дзяржаўны пераварот пры падтрымцы ЗША.
Напярэдадні міністэрствы замежных спраў 11 лацінаамерыканскіх краін звярнуліся да Мадуры з просьбай правесці датэрміновыя выбары ў сваёй краіне, каб пакласці канец эканамічнаму крызісу і палітычнай нестабільнасці.