Падчас прэс-канферэнцыі для распрацоўшчыкаў F8, якая праходзіць у Сан-Францыска, кампанія Facebook паведаміла пра планы інтэграцыі ў сацсетку музычных стрымінгавых сэрвісаў Spotify і Apple Music.
Паводле старшыні падраздзялення Facebook Дэвіда Маркуса, у хуткім часе карыстальнікі змогуць дзяліцца адзін з адным музычнымі кампазіцыямі.
The Verge паведамляе, што ў першую чаргу аўдыторыя Facebook атрымае доступ да каталога Spotify, Apple Music інтэгруецца крыху пазней.
Карыстальнікі і раней маглі дзяліцца музыкай праз папулярную сацыяльную сетку, але для праслухоўвання трэкаў неабходна ўсё роўна ажыццяўляць пераходы на іншыя сайты. Зараз жа аўдыторыя Facebook зможа праслухоўваць песні адразу ў сацыяльнай сетцы. Праўда, хутчэй за ўсё, для гэтага карыстальнікам будзе неабходна набыць платную падпіску.
І калі Spotify у Беларусі легальна не працуе, то месячная падпіска на Apple Music каштуе ў Беларусі $5.
Акрамя з’яўлення музыкі ў Facebook, кампанія паведаміла і пра некаторыя іншыя новаўвядзенні: спісы з папулярнымі ботамі ў месенджары, прапановы месенджара (напрыклад, вы абмяркоўваеце з сяброўкай у месенджары магчымую вячэру, і месенджар будзе аўтаматычна прапаноўваць вам кавярні і рэстараны), выкарыстанне QR-кодаў для выкліку ботаў.