Піша эканаміст Янка Багаслоў.

Не мая гэта справа, але ж менавіта ў такія справы заўжды карціць усунуць свой нос. Нават тады, калі новы закон аб правапісе [антонім – неўнармаванае левачытаньне] можа не пасьпець увабрацца ў моц праз запуск Велькага гадроннага калайдэру. Адылі, калі вы чытаеце НН, то ў калайдэры вы ня верыце, інакш даўно б бавілі час за якімсьці (шкодным) улюблёным заняткам. Дык вось, колькі словаў…

… да адэптаў

Прыхільнікам клясычнага правапісу, якія ня могуць чытаць тэксты, напісаныя наркамаўкай, прапаную параўнаць «Ладзьдзю роспачы» Караткевіча зь любым творам, друкаваным «тарашкевіцай» (апроч Барадуліна). Адэптам унармаванага правапісу – паслухайце людзей, якія ня чулі мовы ад тых, хто гаварыў на ёй жыцьцё – бабуль ды дзядуль (ну, і Булгакава, вядома ж :)). На форумах НН вельмі дакладна заўважылі, што ў слове «сьвет» мяккага знаку ад іх не дачакаесься.

Горда закрыцца ці нягорда застацца? Закон аб правапісе паставіў незалежныя беларускамоўныя выданьні перад цяжкім выбарам.

Горда закрыцца ці нягорда застацца? Закон аб правапісе паставіў незалежныя беларускамоўныя выданьні перад цяжкім выбарам.

…да тых, хто хто вітае

Тут усё вельмі проста. Ёсьць дзьве мовы. На адной мове можна пісаць як заўгодна. На другой мове за памылкі прадугледжаныя пакараньні. Якую мову абяруць бацькі для сваіх дзяцей? Адказ відавочны. Гэта – слова ад эканаміста, які ведае, што людзі рэагуюць на стымулы. І які ведае, што нормы, якія ўсталёўваюцца штучна, заўжды перашкаджаюць разьвіцьцю.

…да тых, хто сарамаціць

Хто ўпэўнены, што пікеты ці нават велькія шэсьці супраць закрыцьця выданьняў, што цяпер друкуюцца ў папяровых вэрсіях, будуць мець плён? І хто будзе спрачацца з тым, што гэтыя выданьні робяць і зробяць вялізны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мовы – ня той, у якой ёсьць «здзелкі», «дагаворы» і «багатыры», а той, дзе «ўгоды», «дамовы» і «асілкі».

… да тых, хто піша пра прэзыдэнтаў

Магу прапанаваць некалькі парадаў, грунтаваных на ўласным досьведзе. Напрыклад, навошта пісаць «Прэзыдэнт Пуцін», калі дастаткова напісаць проста «Пуцін»? Калі ўжо надта карціць назваць Пуціна прэзідэнтам, то напішыце слова «прэзыдэнт» на пачатку сказу. Нарэшце, зусім неабавязкова пісаць «дэкрэт (ці ўказ альбо дырэктыва) прэзыдэнта Пуціна» – бо ніхто акрамя прэзыдэнта такія дакумэнты не выдае. Выраз «прэзыдэнт Пуцін падпісаў дэкрэт» амаль ва ўсіх выпадках лёгка трансфармуецца ўва фразу «быў прыняты дэкрэт», а калі не – то ў два ўзгаданыя раней варыянты.

…да тых, хто друкуе кніжкі

Кніжкі галаўнейшыя за законы, прэзідэнтаў і адэптаў. Зрэшты, якая-колечы ацалее пасьля чарговага калайдэру (прычым папяровая кніжкі лепшыя за аўдыё, бо каб прайграць аўдыёкніжкі, нашчадкам давядзецца вынайсьці такі самы фармат запісу, што існуе зараз). Дык пра кніжкі. Ніхто не забароніць друкаваць іх клясычным правапісам за мяжой (а мо і ў Беларусі). Ніхто ня скажа, што тое, што друкуецца зараз «наркамаўкай», кепскае й непатрэбнае. Але шмат хто скажа, што друкуецца халерна мала. А я скажу, што зусім не друкуецца кніжак для маленькіх-маленькіх дзетак. Кніжак-кардонак. Якія не падзярэ й ня зьесьць дзіцятка, якому цікава пагартаць кніжку ды паслухаць, як мама чытае трошкі тэксту каля вялікіх і прыгожых малюнкаў. Кніжкі для большанькіх дзетак ёсьць. Шмат якія былі – дбаньнем «Мастацкай літаратуры» й «Юнацтва». Але чаму бацькі павінны купляць іх, калі іх дзеткі пачалі сваё знаёмства з кніжкамі з расейскае мовы? Людзі рэагуюць на стымулы…

«Наша Ніва» робіць вялікую справу, што выдае сваю «бібліятэку», але ж дагэтуль ў ёй няма дзіцячых кніжак. «Капітан Танака» мусіў зьявіцца раней за «Дзень бубна» – добрую кніжку, але ж для дарослых. А яшчэ раней за Танаку мусіў пачацца цалкам бізнэс-праект – выдавецтва якасных беларускамоўных кніжак-кардонак з тымі самымі «ладкамі-ладушкамі», «сарока-сарока» і «ідзе каза рагатая» (якія ёсьць, мусіць, ва ўсіх славянскіх мовах).

… да НН

Дзякуй за тое, што вы робіце! Шкада толькі, што калайдэр запускаюць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?