На гэтых выхадных адбудзецца чарговая вялікая падзея ў гісторыі беларускага тэніса. Корт на «Чыжоўка-Арэне» упершыню прыме матч паўфіналу Кубка Федэрацыі, у якім зборная Беларусі сустрэнецца са швейцаркамі. Аляксандра Сасновіч з сяброўкамі паспрабуюць вырашыць вельмі складаную задачу — упершыню вывесці беларускую каманду ў фінал галоўнага каманднага турніра жаночага тэніса.

А ў складзе зборнай Швейцарыі ў Беларусь едзе вялікая зорка. Думаецца, пра Марціну Хінгіс чулі ўсе. Вялікіх тэнісістак было не так ужо шмат, а швейцарка (з чэхаславацкімі і венгерскімі каранямі) трывала ўваходзіць у гэты спіс.

У Хінгіс прыроджаны талент. Яе маці таксама была тэнісісткай — выйгравала турніры ў Чэхаславакіі. Мама і стала першым трэнерам для Марціны, даўшы ёй у рукі ракетку ў два гады. А ўжо ў 13 Хінгіс пачала выступаць сярод дарослых.

З кожным годам Хінгіс мацнела ў туры і выйшла на пік да 1997 года: да 17 гадоў у швейцаркі было ўжо тры перамогі на Шлемах ў адзіночным разрадзе і званне першай ракеткі свету.

У 1996-м Хінгіс заваявала ўсіх сваёй спаднічкай у гарошак.

Студзень-97-га. Хінгіс становіцца самым маладым пераможцам турніру Вялікага Шлема. У Аўстраліі Марціна выйграла ў 16 гадоў 3 месяцы і 26 дзён.

Турнір у Аўстраліі быў самым любімым для тэнісісткі — тры запар вікторыі ў адзіночным разрадзе. Усяго ў Хінгіс пяць тытулаў чэмпіёнкі Вялікага Шлема. У адзіночцы ёй не скарыўся толькі грунт «Ралан Гарос».

З самых юных гадоў Марціна пачала граць у парных разрадах. І не проста гуляць, але і перамагаць. Дарэчы, аднойчы швейцарка выйграла Шлем з беларускай Наташай Зверавай — у 97-м інтэрнацыянальны дуэт у фінале абыграў амерыканак Дэвенпорт — Рэйманд (6: 2, 6: 2). 

Супрацьстаянне Хінгіс і Дэвенпорт стала ўпрыгожваннем жаночага тэніса ў канцы 90-х. Іх матчы збіралі 20-тысячныя стадыёны.

Усмешлівая дзяўчынка ўражвала не толькі на корце, але і за яго межамі. Ад прыхільнікаў у Хінгіс не было адбою.

Мама Мелані заўсёды была побач з суперталенавітай і паспяховай дачкой.

Мы не хлусім: прыхільнікі былі ўсюды! Нават у Амерыцы, дзе раслі свае куміры.

Выйграўшы ледзь не ўсё ў юнацкім узросце, Марціна хутка страціла цікавасць да тэніса.

На думку многіх аматараў тэніса, ногі Хінгіс — самыя дасканалыя ногі ў свеце.

У пачатку «нулявых» Хінгіс стала пакутаваць ад траўмаў і перанесла некалькі аперацый. У 2002-м Марціна прыняла рашэнне завяршыць кар'еру і пачала каментаваць тэніс на ТБ. У тэнісе прыйшоў час іншых.

Марціна Хінгіс і Роджэр Федэрэр — найлепшыя тэнісісты ў гісторыі Швейцарыі. У 2001-м гэтая парачка выйграла змяшаны камандны турнір — Кубак Хопмана.

У 2005-м Хінгіс прыняла рашэнне вярнуцца ў вялікі спорт. Форму швейцарка набрала вельмі хутка, за год вярнуўшыся ў топ-8.

У 2007-м Хінгіс зноў завяршыла кар'еру. На гэты раз з прысмакам скандалу. Допінг-спроба пасля аднаго з турніраў паказала наяўнасць какаіну ў крыві тэнісісткі. Марціна не стала марнаваць час на разбіральніцтвы і вырашыла проста сысці. Тым больш яе зноў пачалі мучыць траўмы.

Шэсць гадоў Хінгіс адсутнічала ў прафесійным туры. Марціна часта свяцілася на ТБ, удзельнічала ў рэаліці-шоу, з'яўлялася на свецкіх тусоўках і … гуляла выстаўныя матчы. Нават у пары з адыёзнай Ганнай Курнікавай.

Паспела Хінгіс і патрэніраваць. Некаторы час знакамітая швейцарка дапамагала расіянцы Анастасіі Паўлючэнкавай. Дарэчы, гэтае фота зроблена падчас матчу супраць нашай Вікторыі Азаранкі на мадрыдскім турніры.

У 2013-м здарылася трэцяе прышэсце Хінгіс у тэніс. Марціна вырашыла засяродзіцца на выступах у пары і зрабіла адзіны правільны выбар. Дуэты з індыйцамі Саней Мірзай і Леандэрам Паесам былі найлепшымі ў свеце ў 2015—16 гадах — 7 перамог на турнірах Вялікага Шлема.

На Алімпіядзе ў Рыа Хінгіс у пары з Тымеа Бачынскі (на фота — пара злева) выйгралі срэбра. Дарэчы, у Мінску Тымеа таксама будзе.

У апошні час 36-гадовая Хінгіс шукае прыдатную партнёрку. Выступае ў пары нават з тэнісісткамі з Тайваня. І выйграе.

У аўторак Марціна прыляцела ў Мінск, каб дапамагчы сваёй камандзе перамагчы сюрпрызных беларусак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?