Рэкалекцыі праходзілі весела.

Рэкалекцыі праходзілі весела.

У касцёле Святой Тройцы ў Докшыцах Браты Меншыя Капуцыны правялі чарговыя рэкалекцыі для моладзі. У рэкалекцыях, як звычайна, брала ўдзел моладзь з рохзных куткоў Беларусі, у тым ліку з Глыбокага, Шаркоўшчыны, Новага Пагосту, Вялейкі. Зацікавілася докшыцкая моладзь — калі ў мінулыя гады на рэкалекцыі прыходзілі два чалавекі з Докшыцаў, то сёлета іх было ажно адзінаццаць ды яшчэ некалькі чалавек з суседніх парафіяў Бярозаўка і Бегам’е.

Штодня праводзіліся канферэнцыі, прысвечаныя галоўнай тэме рэкалекцыяў — Слову Божаму. Напачатку агалошваўся тэкст, падрыхтаваны а.Андрэем Жылевічам OFM Cap і а.Андрэем Квяцінскім OFM Cap, а пасьля моладзь дадавала да гэтага свае ўласныя разважаньні. Моладзь вучылася чытаць Святое Пісанне і знаходзіць у ім сэнс для сябе асабіста, бо значэньне кожнага ўрыўку Бібліі можна патлумачыць па-рознаму, бо гэта — Жывое Слова Божае. Дарэчы, па прапанове моладзі штодня пасьля Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту адбываўся сьпеў нацыянальнага гімну «Магутны Божа».

У адзін з дзён рэкалекцыяў моладзь наведала ўсе могілкі Докшыцаў, уключна з мусульманскімі і габрэйскімі і малілася там на Ружанцы за душы памерлых.

Калі мы праходзілі праз горад, ідучы на могілкі, людзі са зьдзіўленьнем глядзелі ў наш бок, але мы не звярталі на гэта ўвагі і спакойна ішлі да сваёй мэты. Мы зрабілі крок да таго, каб навучыцца быць хрысьціянамі ня толькі ў касьцёле, але ў паўсядзённым жыцьці, каб навучыцца братняй любові да бліжняга.

Адметнасьцю гэтых рэкалекцыяў было завядзеньне так званых «таемных сяброў» зь ліку моладзі, якая была на рэкалекцыях. Кожны дзень удзельнікі рэкалекцыяў мусілі маліцца за свайго «таемнага сябра», а таксама па магчымасьці рабіць яму якія-небудзь падарункі. Але толькі ў апошні дзень мы даведаліся, хто насамрэч быў чыімсьці «таемным сябрам». Да таго ж, моладзь навяла шмат знаёмстваў паміж сабой — і таму ў апошні дзень было вельмі сумна разьяжджацца. Спадзяюся, рэкалекцыі, якія будуць праводзіцца ў наступным годзе, будуць такімі ж, як сёлета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?