27 ліпеня у касьцёле Сьвятой Троіцы ў Глыбокім адбылася прэзэнтацыя кнігі Мілна «Віня-Пых» у беларускамоўным перакладзе Віталя Воранава.

Аналагічныя прэзэнтацыі адбыліся таксама ў Маладзечне, Бярозе, Гомелі, а таксама за мяжой — у Вільні, Познані, Лёндане і Празе.

Перакладчык Віталь Воранаў нарадзіўся ў Глыбокім, тут быў ахрышчаны, тут жа скончыў 5 класаў у СШ № 2. У дванаццацігадовым узросьце ён разам з бацькамі пераехаў у Польшчу (горад Познань). Там жыве і працуе па сёньняшні дзень.

У Польшчы Віталь Воранаў далучыўся да суполкі беларусаў-перасяленцаў, мэтай дзейнасьці якіх зьяўляецца захаваньне роднай мовы і культуры, выданьне беларускамоўных кніг і часопісаў, супрацоўніцтва з аналягічнымі суполкамі беларусаў у Чэхіі, Англіі, ЗША.

Задума перакласьці самую ўлюбёную і папулярную кнігу англічан — «Віня-Пыха» Мілна — у Віталя Воранава зьявілася сама сабой, калі ён пачаў чытаць яе ў арыгінале. Трэба адзначыць, што з часу першага выдання кнігі Мілнам у 1926 годзе, яна ні разу не перакладалася на беларускую мову.

Перакладчык "Пыха" Віталь Воранаў (справа) і глыбоцкі ксёндз а.Юры Барок.

Перакладчык "Пыха" Віталь Воранаў (справа) і глыбоцкі ксёндз а.Юры Барок.

Праца над перакладам заняла ў Віталя Воранава год, і беларускі «Віня-Пых» пабачыў свет да Калядаў 2007 году (дарэчы, арыгінал таксама быў выдадзены да Каляд і быў раскуплены з палічак лёнданскіх кнігарняў за тыдзень). Англійскае выдавецтва, якое мела спадчынныя аўтарскія правы на выданьне твора А.Мілна, па словах Віталя Воранава, з разуменьнем паставілася да яго справы і значна зьнізіла кошт выплатаў; гэта дазволіла зрабіць кошт кнігі больш даступнай для беларускага пакупніка.

Беларускі «Віня-Пых» выдадзены тарашкевіцкім варыянтам беларускага правапісу і праілюстраваны арыгінальнымі малюнкамі мілнаўскага выданьня (у каляровым іх варыянце). Пра тое, чаму ўсім знаёмы савецкі «Винни-Пух» стаў «Віня-Пыхам» (а не «Вінні-Пухам», напрыклад), расказвае перакладчык ва ўступе: «Ўінні-Важны-Пу (даслоўнае з англ.мовы Winne-the-Pooh) паведаміў мне з адказнасьцю, што дзеці ўсяго сьвету сябруюць з такімі самымі Медзьвядкамі, і тыя маюць вельмі падобныя імёны. Гэтак дзеткі з Гішпаніі сябруюць зь Вінны-Пухам, дзеткі са Швецыі- з Нальле-Пухам, дзеткі з Латвіі- зь Віньнійс-Пуксам, дзеткі з Расеі- з Віньні-Пухам, дзеткі з Польшчы- з Кубусем Пухаткам, а з Чэхіі з Мэдвідкам Пу...» Цяпер нарэшце, дзякуючы намаганням Віталя Воранава, дзеткі-беларусы маюць магчымасць пазнаёміцца з НАШЫМ, БЕЛАРУСКІМ мядзведзікам, якога клічуць Віня-Пых!

Перакладчык таксама зазначыў, што кніга будзе цікавая і даросламу чытачу, бо твор А.Мілна мае некалькі пластоў чытаньня і асэнсаваньня. Сам А.Мілн адзначаў, што кніга ў некаторым сэнсе з яўляецца падручнікам на гісторыі філязофіі ад часоў Платона да сучаснасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?