Наступствы Дырэктывы №3 яшчэ дадуцца ў знакі беларусам. Згодна зь ёй усе жыхары краіны мусяць на пачатку 2009 году мець у хаце лічыльнікі халоднай і грачай вады.

Напачатку ў Баранавічах праводзілася тлумачальная агітацыя на старонках мясцовых газэтаў. Водаканалы і ЖКГ прапаноўваюць за «невялікую» аплату паставіць вам у кватэры вадамеры. Пасьля апісваюцца ўсялякія выгоды накшталт «Хопіць плаціць за суседа».

Аднак такія меры, відаць, ня мелі вялікага ўплыву на простых грамадзян. Тады водаканал распачаў акцыю «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Жыхароў шматпавярховікаў супрацоўнікі водаканалу абыходзілі й расказвалі тое, пра што пісалі ў газэтах. Да таго ж гарвыканкамам была дазволена новая льгота. Крэдыт. Цяперака ня трэба плаціць ўсе грошы адразу. Выплату за ўсталяваньне вадамераў магчыма расьцягнуць на паўгода. Існуе яшчэ і 20 % зьніжка за ваду на некалькі год, для тых хто далучыцца да «акцыі» сёлета.

Гэткія льготы мелі свой вынік — народ паціху пачаў ўсталёўваць вадамеры. Сантэхнікі жыльлёва‑камунальных гаспадарак і водаканалу працуюць напоўніцу. Штотыдзень на маім пад’езьдзе зьяўляюцца абвесткі пра адключэньне вады з 8:30 да 16:30 — засаўкі не трымаюць і дзеля адной кватэры адключаюць пад’езд, калі ня цалкам дом. Зрэшты пра засаўкі ў дырэктыве ж нічога не напісана.

Зьявіліся й першыя ахвяры вадамерызацыі. У некага вадамеры пачапілі наўпрост на шлянгі, каб гойдаліся, бо трубы гнілыя, а мяняць няма калі — яшчэ шмат кватэр трэба перавесьці ў рэжым эканоміі. Знаёмая ўжо колькі месяцаў дабіваецца праўды, карыстаючыся «адным акном» і, як яна кажа, сямю дзьвярыма. Падчас пастаноўкі вадамера ў прыбіральні, зваршчык сапсаваў новую кафлю. Кіраўніцтва таго ЖКГ сваёй віны не прызнала, маўляў трэба было гаспадарам прадугледзець зварныя работы і прыкрыць кафлю. У выканкаме параілі зьвяртацца ў суд. Шмат каму паставілі танныя расейскія лічыльнікі, якія па словах саміх водаканальшчыкаў, не прапрацуюць больш за год. Нехта, ведаючы нядбайнасьць і хібы камунальшчыкаў, зрабіў ўсё сам, але як высьветлілася пры плямбаваньні, мусіць усё адно заплаціць напоўніцу.

Пра санітарныя нормы таксама ніхто не ўспамінае — пасьля зварных работ на водаправодзе мусіць праводзіцца хляраваньне трубаў. Але дзе ж ты возьмеш гэтулькі хлёркі й вольнага часу. Санстанцыя пакуль робіць выгляд, што ўсё добра.

Нягледзячы на гэткія акцыі і рэклямную кампанію, яшчэ знаходзяцца асобы, што ігнаруюць дырэктыву прэзыдэнта. У іх ліку пэнсіянэры, якія і рады бы выканаць па звычцы ўсё рашэньні партыі, але ня маюць на тое сродкаў, нягледзячы на зьніжкі.

Як тлумачыў мне адзін чалавек, шмат хто чакае, што вадзяныя лічыльнікі ім паставяць пры канцы году задарма. Як электралічыльнікі. Проста яны будуць лічыцца ня ўласнасьцю жыхара кватэры, а камунальшчыкаў.

Зрэшты, я таксама пакуль не «завёў» сабе лічыльнікаў. Не лічыце мяне цемрашалам. Проста эканамічна, пры такіх цэнах на ваду мне тое нявыгадна.

Аднапакаёўка (маласямейкай празваная ў народзе), збудаваная на пачатку 80‑х, што я здымаю, мае дзьве асобныя ўрэзкі — на кухні і ў ванным пакоі. Гаспадар кватэры, вадамерызірвацца адмаўляецца, прапанаваў мне, пры вялікім жаданьні, паставіць іх самому. Усталяваньне чатырох вадамераў будзе каштаваць блізу 400 тысяч. Кажуць, што дзякуючы зьніжкам я буду плаціць у месяц недзе 2000 рублёў за ваду. Пакуль без лічыльнікаў я аплачваю прыкладна 7500. Каб толькі акупіць лічыльнікі патрэбна больш 6 год. За тыя гады дзе Бог дасьць мне жыць, хто яго ведае…

На тым тыдні на дзьвярах майго пад’езду зьявілася абвестка, што згодна з дырэктываю ўсе жыхары камяніцы ПАВІННЫ ўсталяваць вадамеры ў прызначаны дзень. На прадпрыемствы Баранавіч прыходзяць лісты з водаканалу са сьпісамі тых хто ухіліўся ад грамадзянскага абавязку. Водаканал просіць дырэктарат паўплываць на сваіх несьвядомых супрацоўнікаў і прымусіць выконваць заканадаўства. Кіраўніцтва водаканалу ў прыватных гутарках палохае адключэньнем вады для сабатоўцаў вадамерызацыі. Зьявіліся плёткі, што ў Гомелі ўжо пачалі адключаць ваду тым, хто ня мае лічыльнікаў.

Ціск падвышаецца. Падаецца, што пры канцы году камунальшчыкі любымі сродкамі хочуць мець 99,9% вадамералізіраваных жыхароў гораду. Каб адчытацца перад уладамі аб дасягнутых посьпехах. А пасьля… а пасьля, як заўсёды ўсе забудуцца на тыя вадамеры. І возьмуцца за газа‑ ці цеплалічыльнікі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?