З 15 ліпеня ў Глыбоцкім гарадскім цэнтры культуры знаходзіцца фотавыстава Карнэлія Консэка- кансультанта па пытаннях паліграфіі і дызайну культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог». Фотавыстава мае цікавую назву «Пятае Евангелле». Ведаем, што існуюць чатыры Евангеллі- ад Матвея, Лукі, Марка і Яна, а што ж такое Пятае Евангелле? Адказ просты -- гэта тое, што нас атачае, гэта ўсё тое, што мы бачым ці на што не зважаем.

За кожным кадрам ёсць нейкая жыццёвая гісторыя.

«Пятае Евангелле» створана Богам і рукамі чалавека. Можна сказаць, што гэта ёсць кніга нашага паўсядзённага чытання. Стваральнік фотаздымкаў, экспаніруемых на выставе, Карнэлій Консэк, нарадзіўся ў 1962 г. у г.Прушкаў (Польшча). У 1981 г. ён прыняў манаства ў Ордэне Місіянераў Божага Слова. Карнелій Консэк быў слухачом курса філасофіі ў Нысенскай Вышэйшай Духоўнай семінарыі, скончыў Духоўную семінарыю ў г.Пенежна, скончыў студыю паліграфіі ў Варшаве. Ён працаваў чатыры гады ў Рыме, а з 1998 працуе на Беларусі ў згаданым вышэй часопісе «Дыялог». Пра сваю выставу Карнелій Консэк адзначыў наступнае: «Часта людзі не заўважаюць тых незвычайных рэчаў, што знаходзяцца побач. Але калі робіш здымак і ставіш яго ў рамку- адкрываецца іншы свет. У сваёй працы я хачу паказаць той цуд прыроды, тую прыгажосць, побач з якой мы жывём, але праходзім міма». Фатограф адзначыў, што рэдка здымае чалавека, каб не пагаварыць з ім, бо за кожным кадрам ёсць нейкая жыццёвая гісторыя, якую ён павінен перадаць у здымку.

Віталік, я цябе разумею. Радашковічы, 2006

Віталік, я цябе разумею. Радашковічы, 2006

Кветачка. Баранавічы, 2006

Кветачка. Баранавічы, 2006

Сярод экспанатаў выставы ёсць шэраг фотаздымкаў дзяцей з Баранавіцкага дзіцячага дома («І што добрага ў гэтым жыцці?», «Сонечны зайчык», «Кветачка», «Ізноў каша!», «Парыжанка»). Карнэлій Консэк зазначыў, што гэтым ён хацеў паказаць чалавеку прыроду яго граху, што глядзіць з фотаздымка нявіннымі дзіцячымі вачыма.

На іншых фотаздымках можна пабачыць дзве ракі, якія утвараюць крыж, жанчыну ў 102-і год яе нараджэння, задумлівага хлопца на фоне скульптурнай выявы задумлівага Хрыста, першыя кропелькі-»слёзкі» на вярбіне, «чаратовую» ноч, апошнія восеньскія лісты, адкрыццё прыгожай кветкі і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?