Злучаныя Штаты пацвердзілі, што будуць выконваць пагадненне аб перасяленні мігрантаў, заключанае з Аўстраліяй. Пра гэта заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пенс ў Сіднэі на на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Аўстраліі Малкальмам Тэрнбулам, паведамляе ВВС.

Майкл Пенс і Малкальм Тэрнбул, фота ЕРА

Па словах Пенса, захаванне дасягнутых дамоўленасцяў не азначае, што Вашынгтон «захапляецца» імі.

«Мы будзем выконваць гэтае пагадненне з павагі да нашага надзвычай важнага саюзніка», — растлумачыў ён, маючы на ўвазе Аўстралію.

У лютым прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў дамову, заключаную пры яго папярэдніку Бараку Абаме, «дурной угодай».

«Вы можаце ў гэта паверыць? Адміністрацыя Абамы пагадзілася прыняць тысячы нелегальных мігрантаў з Аўстраліі. Навошта? Я буду разбірацца з гэтай дурной угодай!» — пісаў ён у твітары.

У лістападзе мінулага года ЗША і Аўстралія дамовіліся аб перасяленні ў Злучаныя Штаты бежанцаў з міграцыйных цэнтраў, створаных Аўстраліяй у Папуа-Новай Гвінеі і Науру.

Згодна з дамоўленасцямі, ЗША павінны былі прыняць 1250 бежанцаў, якія просяць прытулку. У сваю чаргу Аўстралія будзе перасяляць бежанцаў з Сальвадора, Гватэмалы і Гандураса.

Амерыканскія СМІ паведамлялі, што падчас першай тэлефоннай размовы з аўстралійскім прэм'ерам Тэрнбулам амерыканскі прэзідэнт выказаў незадаволенасць угодай па бежанцах і нібыта кінуў слухаўку праз 25 хвілін пасля пачатку размовы.

Газета Washington Post пісала, нібыта Трамп назваў размову з Тэрнбулам найгоршай за ўвесь дзень перамоў, у які ён паспеў патэлефанаваць яшчэ некалькім сусветным лідарам.

Сам Трамп ахарактарызаваў гутарку з прэм'ерам Аўстраліі як «вельмі мірную размову» і абвінаваціў «фэйкавыя СМІ» ў хлусні.

Тэрнбул назваў іх размову з прэзідэнтам ЗША «шчырай і адкрытай».

Пагадзіўшыся выканаць пагадненне па бежанцах з аўстралійскіх міграцыйных цэнтраў, Белы дом папярэдзіў, што ўсе суіскальнікі прытулку будуць падвергнутыя дбайнай праверцы.

Угода, як піша агенцтва Рэйтэр, цяпер набыла асаблівае значэнне для Аўстраліі, якая адчувае ціск з боку ААН і праваабарончых арганізацый, якія патрабуюць закрыць міграцыйныя цэнтры. У першую чаргу гэта тычыцца выспы Манус у Папуа-Новай Гвінеі, дзе адбыліся сутычкі паміж мясцовымі жыхарамі і жыхарамі лагераў для бежанцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?