Беларуская спявачка Жанэт апублікавала ў сацыяльных сетках дзіўнае сэлфі. Яна і яе дачка Лаўра сфатаграфаваліся на фоне расцяжкі «Данецкая народная рэспубліка».
«Сёння мы з коцікам запальвалі!!!» — напісала спявачка.
Што гэта было? З такім пытаннем «Наша Ніва» звязалася з Жанэт.
Спачатку спявачка не магла зразумець, пра якую расцяжку і які фотаздымак ідзе гаворка. «А! Учора мы выступалі ў Доме культуры Сеніцы для асацыяцыі шматдзетных бацькоў «Белая Русь». Ну і фатаграфаваліся каля вялікага люстэрка ў студыі. Нейкая стужка там вісела… — пасля ўзгадала яна. — Чырвонае нешта, сіняе… Нават не звярнула ўвагу!»
Жанэт запэўнівае, што не мела намеру падтрымліваць тэрарыстычнае ўтварэнне. «Кашмар які! Можа, лепш выдаліць гэты здымак?» — каментуе яна, даведаўшыся, што ўкраінскія ўлады пільна адсочваюць музыкантаў, якія парушаюць заканадаўства краіны.
Урэшце рэшт, Жанэт скадравала выяву так, каб расцяжкі «ДНР» не было відаць.