Ракіцкі В. Беларуская Атлянтыда. – Радыё Свабода, 2006. – 504 с.

Выйшла з друку кніга «Беларуская Атлянтыда», укладзеная Вячаславам Ракіцкім, мадэратарам і вядоўцам аднайменннае перадачы на радыё «Свабода». Гэта чарговае выданьне з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Стаўленьне беларусаў да Бога, каханьне й любоў, ежа й пітво, улада й люд просты – пра ўсё гэта гавораць удзельнікі перадачаў – культуролягі, мастацтвазнаўцы, гісторыкі ды фальклярысты. Зь іх расповедаў паўстае вялізарны абсяг нашае колішняе цывілізацыі, што быў пакінуты й забыты нашчадкамі. «Міты й рэаліі эўрпейскай нацыі, што адкрыліся ў глыбіні мінуўшчыны Вячаславу Ракіцкаму й ягоным спадарожнікам, агаломшваюць, як агаломшвае чалавека першая ў жыцьці сустрэча з морам», – напісаў у прадмове Аляксандар Лукашук.

Да аповядаў суразмоўцаў дапасавалі гравюры нашага клясыка Валера Славука, які некалі аздобіў і «Шляхціца Завальню». Густоўная аздоба й якасны выраб робяць кнігу адным з найлепшых узораў паліграфічнае культуры. Гэткія кнігі патрэбныя нам сёньня, як, пэўна, ніколі ў нашай гісторыі. Каб сапраўдную беларускую цывілізацыю не напаткаў лёс мітычнае Атлянтыды.

СХ

Прэзэнтацыя кнігі Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда» адбудзецца 25 траўня ў Менску. Па даведкі, ласкавая просьба, зьвяртацца на сядзібу ТБМ. Т.: 284-85-11.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0