Анлайн-сэрвіс па замове таксі Juno, цэнтр распрацоўкі якога знаходзіцца ў Мінску, знайшоў пакупніка, паведамляе dev.by. Паводле інфармацыі TechCrunch, ім стане ізраільскі падобны сэрвіс Gett. Спачатку называлася сума ўгоды ў $250 мільёнаў, аднак у выніку таксі-сэрвіс быў прададзены танней, за $200 мільёнаў.
Злева направа: Тальмон Марка, Аляксей Мінкевіч і Ігар Магазіннік. Фота: Андрэй Давыдчык, dev.by
Juno — стартап Ігара Магазінніка і Тальмона Марка. Праграма дазваляе злучаць пасажыра і кіроўцу таксі.
Сэрвіс быў запушчаны праз год пасля таго, як IT-прадпрымальнікі прадалі свой папярэдні прадукт, праграму Viber, японскай карпарацыі Rakuten. Адметна, што Viber таксама распрацоўваўся ў Мінску. Тая ўгода каштавала $900 мільёнаў.
Ігар Магазіннік. Фота Сяргея Гудзіліна.
За год працы штат менскага офіса распрацоўкі Juno — Juno Lab — перавысіў 80 чалавек. У інтэрв'ю dev.by Тальмон Марка так тлумачыў прычыну адкрыцця прадстаўніцтва ў Беларусі:
«Ёсць адна рэч, якую я выразна зразумеў за час працы ў Беларусі: цэнтр распрацоўкі тут — гэта вельмі добрая ідэя. Мы абсалютна не абавязаны будаваць новую кампанію менавіта тут і не давалі абяцанняў ў духу Шварцэнэгера: I'll be back. Але мы знайшлі тут распрацоўшчыкаў найвышэйшага класа — як прафесійна, так і чыста па-людску».
Паводле ацэнкі, Gett і Juno змогуць выйсці на другое месца на сусветным рынку таксі. Аб'яднаная кампанія будзе саступаць толькі Uber.