Дужа страшнае кіно 4 (Scary Movie 4)
ЗША, 2006, каляровы, 83 хв.
Жанр: Пародыя на фільмы жахаў
Адзнака: 4 (з 10)
Марсіяне захапілі Зямлю. І толькі прывід маленькага хлопчыка ведае, як пазбавіцца ад чужынцаў. Бляндынка-сядзелка й кранаўшчык-»даўн» вядуць цяжкое змаганьне…
У чарговую сэрыю зьдзекаў з трымценьнікаў мэханічна панакіданыя «Вайна сусьветаў», «Піла», «Таямнічы лес», «Праклён» і амэрыканскія тэлешоў. Знайшлося месца для «Гарбатай гары» і стужак Мура, якія палохалі гледачоў Бушам і каўбоямі-геямі.
Аматарам «Монці Пітона» і брытанскага гумару фільм глядзець забаронена. Сьмех Джэры Цукера фарсава-дубаломны й даходлівы, як удар чамаданам па галаве.
Але менавіта гэта й робіць касу. Дадатковая асалода для публікі – адгадваць, зь якога фільму хахмяць. Няхітры капусьнік ня робіць гэтую задачу цяжкой.
Андрэй Расінскі