Паўтысячы дэманстрантаў выйшлі ў Мінску на «Чарнобыльскі шлях»
У Мінску 26 красавіка праходзіць традыцыйны Чарнобыльскі шлях.
19:33
19:29
Мы сканчваем нашу анлайн-трансляцыю. Дзякуй за ўвагу! Заставайцеся з «Нашай Нівай».
19:29
Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да капліцы. Арганізатары абвесцілі пра заканчэнне акцыі.
Ахвотныя могуць далучыцца да пікета ў Кіеўскім скверы. Гэта вырашылі зрабіць некалькі дзясяткаў чалавек.
19:24
Не забывайцеся, што адначасова ў Кіеўскім скверы праходзіць пікет, які ладзяць прадстаўнікі КХП-БНФ. Некаторыя ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху збіраюцца далучыцца да той акцыі.
19:23
Дэманстранты дайшлі да агароджы каля Чарнобыльскай капліцы. Тут пільнага кантролю няма, міліцыянты прапускаюць усіх.
19:19
Актывіст Пятро Маркелаў захапіў з сабой вялікі заплечнік — раптам забяруць на суткі адразу з акцыі?
Гэты хлопец 25 сакавіка здымаў у жывым эфіры затрыманні анархістаў. Узялі і яго. Маркелаву прысудзілі тады 12 сутак.
19:16
«Гэта рашучы па настроі «Чарнобыльскі шлях». Людзі ідуць насуперак надвор'ю і страху. І страху, думаю, болей. — кажа Павел Севярынец. — 25 сакавіка у цэнтры Мінска быў «палітычны Чарнобыль».
Ён упэўнены, што пратэстны патэнцыял беларусаў не страчаны. «Беларусы ўзняліся на некалькі прыступак па лесвіцы свабоды», — перакананы ён.
19:10
Традыцыі масавых акцый у Беларусі застаюцца нязменнымі. Дэманстранты пераходзяць дарогу толькі на зялёнае святло!
«Надвор'е многіх канапных змагароў пакінула дома», — кажа экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Ён удзячны ўсім тым, хто прыйшоў на шэсце. Кажа, што задаволены акцыяй.
18:59
«На зарплату денег нет — на АЭС ушел бюджет» — вось такая крычалка ў эколагаў.
18:57
Падлікі назіральнікаў — у шэсці прымае ўдзел 500 чалавек.
18:52
Патрабаванні ад дэманстрантаў гучаць самыя розныя — і спыненне будаўніцтва АЭС, і вызваленне палітвязняў. Ёсць нават прадстаўнікі руху маці, чые дзеці асуджаныя за «наркатычныя» артыкулы.
А вось сацыяльнай праблематыкі няма — пра «маршы недармаедаў» ніхто не ўзгадвае.
18:50
Таксіст Леанід Кулакоў пытаецца ў амапаўца, чаму той не крычыць «Жыве Беларусь!». Той адмоўчваецца ў адказ.
18:47
Аўтазакі рушаць услед за ўдзельнікамі акцыі.
18:46
Калона перайшла вуліцу Якуба Коласа. Гэта ўжо фактычна дзве асобныя групы дэманстрантаў.
Палітыкі з гукаўзмацняльнай тэхнікай ідуць наперадзе, іх чуваць слабавата.
«Свецкі леў» Іван Шыла патлумачыў «НН», што выйшаў на Чарнобыльскі шлях з пачуцця салідарнасці. Хоць і падтрымлівае будаўніцтва АЭС.
18:43
Самыя запамінальныя ўдзельнікі акцыі.
18:37
Сярод удзельнікаў акцыі эканаміст Сяргей Чалы.
18:36
18:36
Адзначым, што на акцыю змог прыйсці чалавек-гукаўзмацняльнік з дынамікамі над галавой. Дзякуючы яму, выступоўцаў будзе добра чуваць. Тое, чаго так бракавала на папярэдніх акцыях пратэсту.
18:33
Такога непрыемнага надвор'я на «Чарнобыльскіх шляхах» не было ўжо даўно. Тым большая павага тым, хто выйшаў на шэсце.
18:28
18:25
Удзельнікі акцыі шыхтуюцца ў калону. У ёй каля 400-500 чалавек. Наперадзе нясуць Чарнобыльскі звон. Гукаюць «Жыве Беларусь!»
Над шэсцем шмат бел-чырвона-белых сцягоў.
18:22
Перапрашаем за перабоі ў відэатрансляцыі. Па незразумелых прычынах на месцы правядзення акцыі вельмі дрэнна працуе сувязь.
18:18
Станцыю «Акадэмія навук» тым часам закрылі на ўваход і выхад пасажыраў.
А яшчэ пайшоў дождж.
18:16
«Час спыніць астравецкую пачвару», — расцяжка ад эколагаў.
18:10
18:10
Мужчына ў сіняй куртцы ўпершыню прыйшоў на Чарнобыльскі шлях. У яго ў руках Канстытуцыя і яркія кветкі. «Я цяпер заўсёды буду прыходзіць», — кажа ён. Яго абурыў дэкрэт «аб дармаедах».
Непадалёку ад яго некалькі чалавек, якія трымаюць партрэты арыштаваных па «справе патрыётаў» і іншых незаконна асуджаных.
18:07
18:06
Прадстаўнікі «Зялёнай сеткі» ладзяць яркі перформанс — прыйшлі ў касцюмах жывёл. Тут і дызанаўры, і зебра. «Наша забота, а не енота!», «Атом мірным не бывает, это даже зебра знает».
Патрабуюць спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Тым часам на месцы збору ўдзельнікаў каля 200 чалавек.
18:01
«Я прыйшоў падтрымліваць сваю свабоду слова. Прэзідэнт забараняе нам казаць нам тое, што мы думаем, — кажа хлопец у скураной куртцы. — Мне не страшна, я не баюся. Гэта Лукашэнка баіцца, бо можа страціць сваю ўладу».
17:58
На акцыі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, ёсць сцяг Еўрасаюза.
Цікава, што пакуль не відаць анархістаў. Яны былі заўсёднымі ўдзельнікамі Чарнобыльскіх шляхоў.
17:47
Карэспандэнты «НН» паведамляюць, што ўся вуліца Дарашэвіча застаўленая аўтазакамі. Гэта некалькі сотняў метраў ад Акадэміі навук — дазволенага месца збору ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» — у бок цэнтра Мінска.
У аўтазаках завешаныя фіранкі, за імі сілавікі ў спецабмундзіраванні.
* * *
Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» маюць намер патрабаваць спынення будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
Збор удзельнікаў акцыі, дазвол на правядзенне якой даў Мінгарвыканкам, павінен прайсці з 18.00 да 18.30 каля кінатэатра «Кастрычнік». Затым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых», дзе з 20.00 да 21.00 запланаваны мітынг і цырымонія ўскладання кветак.
У аргкамітэце акцыі — прадстаўнікі партыяў АГП, БНФ і «Зялёныя», БХД, рухаў «За свабоду» і «Разам», кампаніі «Гавары праўду».
А вось Мікола Статкевіч, найхутчэй, не прыдзе на акцыю.
***
«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, што завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на мітынг.
Каментары