Былы прэм'ер-міністр Расіі Сяргей Сцяпашын распавёў, што ў 1998 годзе першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын даручыў яму знесці маўзалей Уладзіміра Леніна, піша ВВС.
ЕРА
Пра рашэнне экс-кіраўніка дзяржавы ён паведаміў у інтэрв'ю часопісу «Гісторык». Яго тэкст апублікаваны на сайце Імператарскага праваслаўнага палесцінскага таварыства, якое цяпер узначальвае Сцяпашын.
«Прылятаю, іду да яго, і ўжо ў кабінеце Ельцын кажа: «Сяргей Уладзіміравіч, я прыняў рашэнне — зносім маўзалей Леніна», — распавёў Сцяпашын.
Сцяпашын сцвярджае, што пагадзіўся выканаць загад Ельцына, але выказаў свае сумневы. «Не гарантую, што пасля гэтага акта я застануся міністрам, а вы — прэзідэнтам», — прыводзіць свае словы былы прэм'ер.
«Па-хрысціянску, вядома, труп Леніна нельга паказваць. Гэта грэх. Але цяпер не час маўзалей прыбіраць, не трэба. Што, ён вам перашкаджае, ці што?» — заявіў тады Сцяпашын. Па яго словах, Ельцын пабурчаў, але аргументы пачуў.
Паводле даных апошняга апытання «Левада-цэнтра», ідэю пахавання цела Уладзіміра Леніна падтрымлівае больш за палову расіян.
Каля траціны мяркуюць, што яго неабходна пакінуць у маўзалеі.
Тыдзень таму дэпутаты ад фракцыі ЛДПР і «Адзінай Расіі» унеслі ў ніжнюю палату парламента законапраект з прапановай аб пахаванні Леніна.
Законапраект выклікаў крытыку спікера Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, пасля чаго адзінаросы свае подпісы адклікалі.