Нікому не ўдасца пасварыць прыязныя Беларусь і Расію ва ўгоду меркантыльным інтарэсам. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў часопісе «Беларуская думка», прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, паведамляе БелТА.

Уладзімір Макей адзначыў, што, на жаль, разнапланавыя падзеі і працэсы, якія адбываюцца ў рэгіёне (украінскі крызіс, узаемныя санкцыі паміж Расіяй і ЕС і інш.) накладваюць адбітак і на беларуска-расейскія адносіны. «У чым гэта праяўляецца? У тым, што некаторыя палітыкі, ангажаваныя СМІ і эксперты спрабуюць культываваць у расейцаў імідж Беларусі як «нахлебніка Расіі». Натуральнае імкненне Мінска нармалізаваць адносіны з ЕС і ЗША, наблізіцца хоць бы да таго ўзроўню супрацоўніцтва з Захадам, які існуе ў Расійскай Федэрацыі і іншых постсавецкіх краін, трактуецца як «сыход Беларусі на Захад», неналежнае выкананне саюзных абавязацельстваў. Часта штучна ствараюцца праблемы ў сферах гандлёва-эканамічнага, паліўна-энергетычнага, прыгранічнага і іншага ўзаемадзеяння», — растлумачыў ён. «Аднак і ў кіраўніцтва, і ў народаў Беларусі і Расіі ёсць ўнутранае перакананне, што ўся гэтая пена ў чарговы раз схлыне, што нікому не ўдасца пасварыць сяброўскія дзяржавы ва ўгоду меркантыльным інтарэсам, разарваць інтэграцыйныя сувязі, якія не маюць аналагаў на постсавецкай прасторы. У першую чаргу гаворка ідзе аб Саюзнай дзяржаве», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Міністр звярнуў увагу, што за гады карпатлівай працы адноўлена агульная прастора ад Брэста да Уладзівастока, на якой беларусы і расіяне маюць у цэлым роўныя правы ў сферах працаўладкавання, адукацыі, сацзабеспячэння, медыцыны, набыцця жылля, вядзення бізнэсу. «Грамадзяне вольныя ў свабодзе перамяшчэння, выбары месца жыхарства. За кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы фінансуецца шэраг саюзных праграм у розных галінах: космас, інфармацыйныя тэхналогіі, мікраэлектроніка, сельская гаспадарка, пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», — гаворыцца ў артыкуле.

Кожнае другое беларускае прадпрыемства цесна звязана з расійскімі партнёрамі кааперацыйнымі адносінамі. Актыўна развіваецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Сярод знакавых сумесных праектаў — будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0