У Польшчы на могілках вёскі Грушовічы паблізу Пярэмышля разабралі надмагільны помнік воінам УПА. Аб гэтым паведамляецца на сайце Аб’яднання ўкраінцаў у Польшчы (АУП). «Два гады таму гэта месца памяці было разбурана невядомымі вандаламі, а цяперашняя акцыя ажыццёўлена «групай актывістаў», у якой удзел узяў войт гміны Стубна, пад патранатам палітычнай партыі «Нацыянальны рух», — гаворыцца ў заяве.

У ёй падкрэсліваецца, што арганізатары правакацыі не хаваюць, што іх мэтай з’яўляецца стварэнне перашкодаў мерапрыемствам 70-й гадавіны акцыі «Вісла», гэта значыць дэпартацыі 140 тыс. украінцаў з родных зямель паўднёва-ўсходняй Польшчы на поўнач і захад. У аб’яднанні звярнуліся з заклікам да прэм’ера Беаты Шыдлы, каб яна ўспрыняла гэтую справу «як прыярытэтнае для забеспячэння грамадскага парадку ў краіне».

У заяве таксама ўтрымліваецца заклік да польскай грамадскай думкі «не паддавацца на антыўкраінскія правакацыі» і не згаджацца на «апаганьванне магіл, распальванне нянавісці на нацыянальнай глебе, а таксама прыніжэнне асоб іншых нацыянальнасцяў». Кіраўнік абшчыны Стубна Януш Слабіцкі заявіў Portal Przemyski, што помнік ліквідаваны ў рамках грамадскай ініцыятывы, паколькі ён «псаваў эстэтычны выгляд могілак, быў нестабільны, а таму небяспечны для навакольных». За апошні год адбыўся шэраг выпадкаў вандалізму ў дачыненні да месцаў памяці ў Польшчы і Украіне. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?