Візыт дэпутата брытанскага парлямэнту Марка Прытчарда ў Менск у траўні 2008 году прайшоў фактычна незаўважаны прэсай, што было крыху дзіўным, калі ўлічыць некаторыя факты.

Па-першае, сам факт таго, што дэпутат парлямэнту заходняй краіны атрымлівае візу ў Беларусь, указвае на тое, што гэты візіт быў ухвалены беларускімі ўладамі. Па-другое, такі крок з боку ўладаў звычайна мае вынікам тое, што візытанта (калі ён ня ў складзе якой-небудзь дэлегацыі АБСЭ) спрабуюць выкарыстаць у піяр-мэтах — што з Прытчардам дакладна не адбылося. Па-трэцяе, калі зважаць на гэтыя абставіны, тое, што спасылкі ў Інтэрнэце абмежаваліся паведамленьнямі аб наведваньні пратэстанцкай царквы і выказваньні маральнай падтрымкі прыгнечанай уладамі канфэсіі, выглядала як свайго кшталту алібі для спадара дэпутата — ён як бы адзначыўся унёскам у барацьбу за дэмакратыю.

Пра рэальны парадак дня візыту можна толькі здагадвацца, але ён стаў намнога больш зразумелым два месяцы пазьней. Першыя за апошнія пяць гадоў дэбаты ў брытанскім парлямэнце па беларускім пытаньні, якія адбыліся 16 ліпеня, прыцягнулі дастаткова высокапастаўленых прадстаўнікоў ураду Вялікабрытаніі, іх вынікам стала ня толькі павышэньні цікавасьці да Беларусі ў мурах Вэстмінстэру, але і агучваньне падыходаў у палітыцы заходніх краінаў адносна Беларусі, якія могуць знайсьці працяг у бліжэйшай будучыні. Больш за тое, стварылася ўражаньне, што пасланьні, агучаныя падчас дэбатаў, прызначаліся менавіта для Менску.

Што датычыцца самой пэрсоны Марка Прытчарда, то тут наўрад ці магчыма знайсьці нейкія выбітныя факты.

Ён адзін з тых дэпутатаў брытанскага парлямэнту, якіх зазвычай называць заднялавачнікамі.
Абраны на першы тэрмін зь невялікай перавагай галасоў, ён не пасьпеў заручыцца ўплывам і ўладай у партыйнай фракцыі, таму зарабляе аўтарытэт ўсялякімі спосабамі — напрыклад, актыўнымі замежнапалітычнымі заявамі, і спрабуе зацьвердзіцца ў сваёй акрузе — напрыклад, прапануе сваім выбарцам хірургічныя апэрацыі пад уласным кіраўніцтвам.
Цікавыя факты пра ягоную парлямэнцкую дзейнасьць уключаюць старшынства ў пазафракцыйнай «расейскай групе».

Тут, праўда, трэба адзначыць тое, што самі дэбаты ў брытанскім парлямэнце ладзяцца згодна з строгай і выверанай працэдурай — заднялавачнікі атрымліваюць такое права толькі ў выніку своеасаблівай лятарэі, і таму тое, што дэбаты пра Беларусь адбыліся ў такі час — перад парлямэнцкімі выбарамі і адразу пасьля вядомых падзеяў у Менску — было ў пэўным сэнсе выпадковасьцю.

Аднак падчас дэбатаў зьвярнулі на сябе ўвагу два факты. Першы — дастаткова высокі ўзровень ведаў выступоўцаў аб падзеях у Беларусі — дыскусія не абмежавалася стандартным наборам фразаў аб гаротным стане дэмакратыі ў краіне і неабходнасьці прагрэсу з правамі чалавека. Другой — у выступах прадстаўніка апазыцыі і міністра ўраду, які яму адказваў, не было якіх-кольвечы рознагалосьсяў, што дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дэбаты адлюстравалі пазыцыю афіцыйнага Лёндану ў адносінах Беларусі.

Адносіны Беларусі з Захадам не павінны ставіцца ў залежнасьць ад яе адносін з Расеяй, і наагул: пытаньне «Ўсход ці Захад» для Беларусі — гэта няслушная дыхатамія.

Нармалізацыя адносін зь Беларусьсю ў інтарэсах Брытаніі і яе гатовы падтрымаць брытанскі бізнэс («асабліва лёнданскі Сіці»). Аднак уваходжаньню бізнэсу ў Беларусь замінае рэпутацыя краіны. Для яе выпраўленьня патрэбны рэальныя, а не дэкаратыўныя піяр-крокі (што выглядае як укол у бок лорда Бэла і тых, хто яго ў Беларусь запрасіў).

Цывілізаваная правядзеньне парлямэнцкіх выбараў увосень 2008 году можа стаць пачатковай кропкай для нармалізацыі адносінаў. Пры гэтым істотны ня столькі сам вынік выбараў, колькі працэс.

У заявах Прытчарда і іншых удзельнікаў дыскусіі няма нічога новага, што б не агучвалася прадстаўнікамі эўраструктур цягам за апошнія некалькі гадоў. Аднак,

у адрозьненьне ад шматлікіх заяваў з Брусэлю, у дэбатах у ангельскім парлямэнце праглядвалася выразная лінія.
Па-першае, патрабаваньні і абяцаньні ўвязваліся міжсобку і былі прызначаныя для аднаго адрасата — а менавіта афіцыйных беларускіх уладаў. У гэтым праглядаецца істотнае адрозьненьне, прыкладам, з афіцыйнымі дакумэнтамі Эўрасаюзу, у прыватнасьці, знакамітым пасланьнем-«недадакумэнтам» «Што ЭС мог бы даць Беларусі» ад 22 лістапада 2006 году. Патрабаваньні лібэралізацыі выбарчага заканадаўства адрасаваліся таму ж, каму і абяцаньні шчодрых інвэстыцыяў з боку Лёнданскага Сіці. Па-другое, прапанаваны пакет патрабаваньняў і прапаноўваў дастаткова кампактны — у адрозьненьне аб маштабных і ні да чаго не абавязваючых дакумэнтаў, накшталт таго ж самага «недадакумэнту», ён максымальна канкрэтны. У прынцыпе, менавіта такая павестка дня (вы — цывілізаваныя выбары, спыненьне перасьледу рэлігійных мяншыняў, свабоду прэсе, мы — міжнароднае прызнаньне парлямэнту і інвэстыцыі) і магла б стаць асновай дыялёгу паміж ЭС і Беларусяй, які меў бы хоць якія-небудзь шанцы на посьпех.

З Брытаніяй у апошні час склаліся цікавыя адносіны. Візыт Абрамовіча, магчымыя інтарэсы ў Беларусі Беразоўскага, запрашэньне лорда для «паляпшэньня іміджу» Лукашэнкі на Захадзе. Падобна да гандлю паміж Беларусяй і Брытаніяй, асноўны прадмет якой — перапрацаваная расейская нафта (якая прадаецца, да таго ж, расейскім канторам, зарэгістраваным дзе-небудзь на брытанскіх афшорах), адносіны паміж дзьвюма краінамі, падобна, так ці іначай пераплятаюцца зь беларуска-расейскімі адносінамі. Ні да кога не сакрэт, што на інвэстыцыі некаторых з усім вядомым расейскіх алігархаў разьлічваюць беларускія ўлады. Магчыма, некаторых ужо дапусьцілі да беларускіх актываў праз ценявыя схемы. Яшчэ больш імаверна, іх варта чакаць у сьпісе новых гаспадароў Беларусі пасьля таго, як тут нарэшце адбудзецца прыватызацыя. Магчыма таксама, што праз сваіх сяброў у Лёндане беларуская ўлада прабівае ня толькі інвэстыцыі, але і эўрапейскае прызнаньне, у мінімальна дастатковым для падмацаваньня беларускай уладнай машыне аб’ёме. Але адным лордам Бэлам, відаць, абысьціся цяжкавата…

Не бяруся сьцьвярджаць, што Марк Прытчард – гэта своеасаблівы сувязны паміж афіцыйным Лёнданам, Сіці і беларускімі ўладамі
. Хаця тое, што хтосьці зойме такую ролю, уяўляецца цалкам лягічным і чаканым. У Эўропе паступова ўзрастае цікавасьць да эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю – званкі і лісты ад кансалтынгавых кампаніяў з просьбай аб кансультацыі ў пытаньнях магчымай прыватызацыі ў Беларусі паступілі ўжо да шмат якіх экспэртаў. Больш за ўсё такіх просьбаў прыходзіць, як ні дзіўна, з Англіі. І ў падобных размовах увесь час усплывае пытаньне аб палітычных рызыках. Трэба адзначыць, што Англіяй як краіна Эўрасаюзу, зьвязаная забавязаньнамі ў адносінах да замежнай палітыкі Саюзу, якія павінен улічваць і бізнэс, які базуецца на яе тэрыторыі. Цяпер нават расейскія экспаты граюць па правілах.

Такім чынам, уявім, што падчас дэбатаў у брытанскім парлямэнце Марк Прытчард агучваў пазыцыю менавіта тых колаў Брытаніі, на якія разьлічвае афіцыйны Менск. Поле для прагматычнага ангажаваньня безумоўна ёсьць, але мінімум прыстойнасьці неабходны для забесьпячэньня міжнароднага прызнаньня і для стварэньня больш камфортных умоваў капіталам, якія павінны сюды прыйсьці. Калі спадар Прытчард казаў ня толькі ад сябе самога, то пасланьне да беларускіх уладаў указвае на тое, што ў некаторых пераменах у краіне зацікаўленыя і магчымыя партнэры і сябры беларускіх уладаў. Прынамсі, было б крыху дачасным сьцьвярджаць са стоадсоткавай упэўненасьцю, што парлямэнцкія выбары зусім не прынясуць аніякіх сюрпрызаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?