Днямі стала вядома, што сталічны «Дрымлэнд» спыняе працу ў звыклым рэжыме парку атракцыёнаў і мяняе фармат. Нязменным застанецца аква-зона, якая пачне працу ўжо 1 чэрвеня. Якія ж перамены закрануць астатнюю тэрыторыю і калі мінчукоў чакае адкрыццё новай пляцоўкі, даведаўся TUT.BY.

Схемы прадастаўленыя паркам

Схемы прадастаўленыя паркам

— На тэрыторыі «Дрымлэнда» мы хочам зрабіць урбан-парк — гарадскі парк з зонамі актыўнага адпачынку, — распавядае дырэктар кампаніі «Кіт Салюшнс» (якая займаецца ўпраўленнем «сухога» парку «Дрымлэнд») Аляксей Падрэз. — Ён будзе разлічаны на наведвальнікаў рознага ўзросту, але ўпор будзе зроблены на моладзевы адпачынак, а не на дзіцячы. Тыя атракцыёны, якія цяпер у парку, мы ў маі дэмантуем і прададзім, а запусцім вяровачныя мястэчкі, скаладромы, лазертаг, лучны бой, цір, квесты. Будзем арыентавацца на маскоўскі парк Горкага.

— Якія фестывалі чакаюць парк у абноўленым фармаце?

— На сёння ў нас ужо папярэдне забраніравана 60% летніх выхадных пад рознага роду і маштабу фестывалі. Гэта FSP, Vulitsa Ezha, «Мазгабойня», якія ўжо праходзілі тут, а таксама фестываль бітбоксу, ЗЛЖ-фестывалі, фестываль кавер-бэндаў на рэгулярнай аснове.

Аляксей удакладняе, што на тэрыторыі парку застанецца тры зоны, якія могуць здаваць у арэнду пад мерапрыемствы як цалкам, так і паасобку. Гэта тэрыторыя аквапарку, уваходная група з выкладзенай пліткай пляцоўкай (разлічаная на 3-5 тысяч чалавек) і сухі парк, які цяпер мадэрнізуецца. На танцпол апошняга, паводле ацэнак кіраўніцтва, змесціцца 15-20 тысяч чалавек — гэта значыць, ён не саступіць «Мінск-Арэне» (плошча танцпляцоўкі — 8 тысяч квадратных метраў). У той жа час, падкрэслівае Аляксей, для такіх падзей, як «А-фэст», аўдыторыя якіх пад 100 тысяч чалавек, пляцоўка будзе цесная.

Фестываль FSP, тут і ніжэй фота Дар'і Лабанавай

Фестываль FSP, тут і ніжэй фота Дар'і Лабанавай

Пра тое, як будзе будавацца палітыка цэнаўтварэння, Аляксей адказвае з агаворкамі:

— Пакуль плануем, што ўваход у парк у буднія дні і ў выхадныя, калі не праходзіць ніякіх фестываляў, будзе бясплатным. За дадатковыя забавы (вяровачны гарадок, лазертаг і г. д.) прыйдзецца плаціць асобна. Мы пратэстуем такі варыянт і будзем глядзець, ці зручны ён, альбо лепш пераходзіць да фармату з адзіным уваходным білетам. Падчас жа фестываляў і іншых падзей у выхадныя ўваход будзе платным.

У абноўленым фармаце «Дрымлэнд» адкрыецца ўжо ў другой дэкадзе мая. Да таго моманту ў парку абновяць інфраструктуру, паставяць стацыянарныя пункты грамадскага харчавання, адкрыюць вяровачны гарадок, лазертаг, вулічны цір і астатняе.

— 12 мая ў нас першае пацверджанае мерапрыемства з карпаратыўным кліентам, а 13-14 мая запускаецца Vulitsa Ezha, — пацвярджае Аляксей. — Атракцыёны будуць з'язджаць з парку паступова. Зразумець, наколькі гэты крок выгадны і рэнтабельны, можна будзе ўжо ў верасні, пакуль жа чакаем усіх у госці ў абноўлены «Дрымлэнд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0