Альпініст Улі Штэк, які за сваю неймаверную хуткасць узыходжання атрымаў мянушку «швейцарская машына», загінуў падчас акліматызацыі на Эверэсце, паведамляе ВВС.

AFP

AFP

На гэты раз ён збіраўся падняцца на вяршыню гары па іншым маршруце і без кіслароднага балона.

У Федэрацыі альпінізму Непала паведамілі, што Штэк, імаверна, паслізнуўся. Яго цела знайшлі на Эверэсце, пасля чаго на верталёце перавезлі ў сталіцу Непала Катманду.

У сераду альпініст напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што за дзень ён падняўся на 7 тысяч метраў ад базавага лагера і вярнуўся назад, бо лічыў, што «актыўная акліматызацыя» — найлепшы спосаб прывыкання да вялікай вышыні.

У 2012 годзе Штэк ужо ўздымаўся на Эверэст без кіслароднага балона, а ў 2015 годзе ён заваяваў усе 82 альпійскія пікі, вышэйшыя за 4 тысячы метраў, за 62 дні.

Улі Штэк паставіў некалькі рэкордаў па звышхуткім адзіночным уздыме па класічных маршрутах. Ён таксама спрыяў папулярызацыі альпінізму дзякуючы прыгодніцкім фільмам, знятым па матывах яго ўзыходжанняў.

Штэка празвалі «швейцарскай машынай» за яго бязлітасна метадычны падыход да справы і нечалавечую цягавітасць.

У 2015 годзе ён узышоў на адну з самых знакамітых вяршыняў у свеце — Паўночную сцяну Эйгера — усяго за 2 гадзіны 47 хвілін. Гэта неймаверны вынік для першых альпіністаў, у якіх гэты шлях займаў некалькі дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?