Гомельская міліцыя паведаміла, што ў Мазыры праваахоўнікамі быў затрыманы небяспечны рэцыдывіст, які знаходзіцца ў вышуку. Пры затрыманні мужчына параніў нажом трох міліцыянтаў, сярод іх і двое амапаўцаў.

Алена Страха жыла разам з затрыманым 30-гадовым Андрэем Рабешкам у прыватным доме. Затрыманне прайшло на яе вачах.

Алена і Андрэй.

Алена і Андрэй.

Вось што пра затрыманне пішуць міліцыянты:

«Памятаючы, што мужчына валодае адзінаборствамі, і ведаючы яго маршрут перамяшчэння, супрацоўнікі прынялі рашэнне рабіць затрыманне раніцай у малалюдным месцы — прыватным сектары горада. На адной з вуліц трое міліцыянтаў падабраліся да падазраванага на максімальна блізкую адлегласць, для таго каб заспець яго знянацку і выключыць любую магчымасць збегчы.

Зручны момант для затрымання настаў. Мазырчук не падазраваў, што знаходзіцца ў пастцы. Адна з рук бандыта была прыхопленая ў яго за спінай міліцыянтам АМАП, і заставаліся долі секунды да таго моманту, калі другая рука апынецца ў капкане мёртвай хваткі напарніка. Але нечакана ў руцэ злыдня бліснула лязо самаробнага нажа, якім ён маланкавым рухам ударыў аднаго з амапаўцаў, а пасля пачаў беспарадкава размахваць халодным клінком перад супрацоўнікамі, якія знаходзіліся на смяротна небяспечнай дыстанцыі».

Ён параніў амапаўцаў, але яны змаглі затрымаць мужчыну і выклікалі хуткую.

Алена, сужыцелька Андрэя, апраўдвае свайго сябра. Яна расказвае, што «ўсё адбылося ў ноч на 30 красавіка каля 4 раніцы. Нам пагрукалі ў вокны і дзверы, мы з маім грамадзянскім мужам падхапіліся з ложка. Пад вокнамі нікога не было, а каля нашай машыны стаяў аўтамабіль з уключанымі фарамі. Мы падышлі да дзвярэй, пачулі: «Мы зачапілі вашу машыну». З'явіліся падазрэнні, як так? Як яны праніклі на нашу тэрыторыю без званка? Брамка была зачыненая, у званок не званілі. Стала страшна, але вырашылі ўдваіх выйсці і даведацца, што здарылася, — кажа Алена. —

Апрануўшы штаны і тэпцікі, муж адкрыў дзверы і ўбачыў дваіх мужчын у грамадзянскай вопратцы ў нас у двары. Ён пайшоў да іх, а я з ганка ўбачыла што з-за кута хаты выбягаюць людзі ў масках. Я закрычала. На яго накінуліся, пачалася бойка ў двары і працягнулася за межамі ўчастка. Я пачула: «Дапамажыце, дапамажыце!».

«У доме я ўбачыла пусты чахол ад нажа, толькі тады я зразумела, што, напэўна, муж узяў нож. Выйшаўшы на вуліцу, ужо пачула «выклікайце хуткую, нажавое раненне», — узгадвае Алена.

Жанчына ведае, што ў Андрэя сапраўды былі судзімасці, але якія — дакладна не ведае.

«Са слоў маці, яшчэ ў 18 гадоў яго судзілі за крадзеж, там штосьці з тэлефонамі… Пасля ён ездзіў у Германію падзарабіць, там сядзеў два разы… Але я не ведаю, за што».

Разам з Аленай і Андрэем жыве дачка жанчыны. Але на момант затрымання дзіцяці не было дома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?