Мне здаецца, карэнная праблема сёньняшняй цывілізацыі — знайсьці тую тонкую рысу паміж памкненьнем палепшыць чалавека і небясьпекай, што гэты працэс можа пераўтварыцца ў абмежаваньне свабоды таго самага чалавека. Я б назваў гэта праблемай паміж рамантызмам і рацыяналізмам.

Усе таталітарныя сыстэмы, прынамсі, апошніх стагоддзяў мелі свае карані ў радыкальным імкненьні палепшыць чалавека. Нямала напісана пра тое, што нямецкі нацызм вырас з нямецкага рамантызму, нацыя філосафаў і паэтаў не жадала ўспрымаць матэрыялізм і рацыянальнасьць Захаду (так, у 19-м стагоддзі немцы аддзялялі сябе ад «Захаду»). Бярдзяеў ды іншыя расейскія мысьляры выводзілі камунізм з крайнасьцяў рускага нацыянальнага характару, рускай стыхіі, «рэлігійнай фармацыі рускай душы». Ды і любы цяперашні аўтарытарызм, ад Ірану да Кубы, і КНДР, і ІГІЛ, мае ў сваёй ідэалогіі радыкальнае проціпастаўленьне заходняму рацыяналізму і «культу матэрыяльных каштоўнасьцяў».

Зь іншага боку, на тым самым «рацыянальным і матэрыялістычным» Захадзе большасьць інтэлектуалаў лічыць, што мантра «Жывіце як пажадаеце, зарабляйце, спажывайце, атрымлівайце задавальненьне» — гэта банальна і прымітыўна. (І я асабіста з гэтым згодны). Ім таксама хочацца «чагосьці большага». І гэта нармальна. Бо любы чалавек з інтэлектам і энэргіяй хоча зьмяніць сьвет ці хаця б сваю краіну.

І вось тут узьнікае тая самая пастка, калі жаданьне зьмяніць сьвет прыводзіць да эфекту, які апісваецца прыказкай «бізунамі ў рай заганяюць». Калі больш прагрэсіўныя людзі ведаюць, як правільна і што трэба рабіць усім астатнім. У некаторых заходніх дзяржаваў ужо фактычна забаронена альбо мала даступна ўсё «нехарошае» — алькаголь, прастытуцыя, азартныя гульні, свабода думкі (паліткарэктнасьць дакладна кажа, якія думкі правільныя, а якія нельга агучваць услых). У фільме Вудзі Алена To Rome with Love героі называць адно слова, якое характарызуе горад, і яны кажуць: Рым — сэкс, Стакгольм — парадак. Ня толькі Менск можна апісаць словам «парадак»:) Ці палепшылася чалавечая прырода ў «парадку»? Магчыма. Але мы бачым, як фіны напіваюцца, як сьвіньні, у Санкт-Пецярбургу ці як швэды запальваюць у Тайландзе.

Ці такі эфэкт — калі прагрэсіўныя (без двукосься) людзі ў нейкіх краінах, дзе яны складаюць пераважную меншасьць, пачынаюць ненавідзець сярэднюю шэрую масу і ў выніку проціпастаўляць сябе ўсім астатнім.

Выхад адзін, як мне падаецца. Прапаноўваць, але не прымушаць. Даваць добры прыклад, але не навязваць. Заўсёды сумнявацца, ня думаць, што толькі вы ведаеце ісьціну і правільны шлях. Улічваць чужыя страхі і нават забабоны. І заўсёды пакідаць свабоду выбару. Нават калі гэты выбар памылковы. Бо калі ты лічыш, што іншыя не заслугоўваюць свабоду выбару, хтосьці заўсёды палічыць, што ты сам яе не заслугоўваеш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?