Нацыянальным СМІ ў Беларусі давяраюць на ўсіх узроўнях і ўсе пласты насельніцтва. Пра гэта заявіў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Ігар Катляроў на канферэнцыі «Сродкі масавай інфармацыі ў свеце, які змяняецца: прафесіяналізм і адказнасць», якая праходзіць у рамках XXI Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі», піша Tut.by.
У прыватнасці, адзначыў ён, дзве траціны насельніцтва Беларусі давяраюць нацыянальнаму тэлебачанню. Атрымліваецца, што траціна — не давярае.
Пры гэтым Катляроў звярнуў увагу на тое, што паводле даных нацыянальнага даследавання, тэлебачанне ўсё-такі здае пазіцыі ў якасці крыніцы інфармацыі.
Дырэктар інстытута ўпэўнены, што друкаваныя СМІ ніколі не страцяць сваю ролю ў грамадстве. «У інтэрнэце што чытаюць? Хто каго ўчора забіў. А сур'ёзная аналітыка — гэта часопісы і газеты», — адзначыў Катляроў.