Інтэрпал выдаліў паведамленне аб вышуку экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і яго сына Аляксандра. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Януковіча Юрый Кірасір, спасылаючыся на інфармацыю адвакацкай кампаніі Joseph Hage Aaronson LLP, якая прадстаўляе інтарэсы былога ўкраінскага прэзідэнта, піша Tut.by.
Reuters
«Інтэрпал пацвердзіў, што на экс-прэзідэнта Віктара Януковіча не распаўсюджваюцца чырвонае апавяшчэнне Інтэрпала або спецыяльны запыт аб арышце і што іх даныя адсутнічаюць у базе Інтэрпала», — паведаміў прэс-сакратар на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Тым самым, паводле яго слоў, Інтэрпал пацвердзіў той факт, што крымінальныя пераследы ў дачыненні да Януковіча маюць «палітычна матываваны характар».
«Акрамя таго, Інтэрпал прыняў рашэнне выдаліць са сваёй базы даных усю інфармацыю пра Аляксандра Януковіча, які раней не абвяшчаўся ў вышук», — дадаў прэс-сакратар.
Інфармацыю аб спыненні Інтэрпалам вышуку Януковіча і яго сына пацвярджае і Украінскае нацыянальнае бюро Інтэрпала.
Нагадаем, экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, у дапамозе пры наўмысных дзеяннях, учыненых з мэтай змены межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Украіны, а таксама ў дапамаганні вядзенні агрэсіўнай вайны.
Віктар Януковіч фігуруе ў некалькіх крымінальных справах ва Украіне. Сярод іх справа аб прымяненні залішніх сілавых метадаў, спецсродкаў і агнястрэльнай зброі ў дачыненні да ўдзельнікаў масавых акцый пратэсту на Майдане з лістапада 2013 года па люты 2014 года.
Акрамя таго, экс-прэзідэнт праходзіць як падазраваны па «справе Межыгор'я» і «справе «Укртэлекама»» (аб незаконным завалоданні 220 мільёнамі грыўняў з дзяржбюджэту, прызначанымі для сістэмы урадавай сувязі).