Кіраўнік Facebook Марк Цукерберг заявіў, што сацыяльная сетка значна павялічыць колькасць мадэратараў, каб адсочваць тэрарыстычныя матэрыялы, відэа з забойствамі, гвалтам, дзіцячай эксплуатацыяй і мовай варожасці.

Цукерберг растлумачыў, што рашэнне наняць дадаткова 3000 чалавек выклікана неаднаразовымі выпадкамі публікацый відэа самагубстваў і гвалту над іншымі людзьмі. Напрыклад, на мінулым тыдні жыхар Тайланда ў жывым эфіры забіваў сваю дачку, і гэта відэа паспелі паглядзець 370 тысяч чалавек, пакуль яго не выдалілі толькі праз 24 гадзіны.

Цукерберг мяркуе, што кампанія павінна хутчэй рэагаваць на гэтыя выпадкі: хутка выдаляць падобны кантэнт, дапамагаць ахвярам гвалту і патэнцыйным самагубцам.

Кіраўнік Facebook адзначыў, што сацсетка спросціць адпраўленне скаргаў на відэа і будзе больш шчыльна супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі.

«Калі мы хочам пабудаваць бяспечнае грамадства, нам неабходна дзейнічаць хутка», — напісаў Цукерберг.

У канцы красавіка мадэратары атрымалі паведамленне, што адзін з карыстальнікаў у жывой трансляцыі заявіў пра намер скончыць жыццё самагубствам — пасля гэтага супрацоўнікі сацсеткі звязаліся з паліцыяй і дапамаглі прадухіліць суіцыд.

«Мы будзем і далей працаваць з мясцовымі грамадскімі суполкамі і праваахоўнымі органамі, у якіх больш магчымасцей дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу — напрыклад, у тых выпадках, калі нехта збіраецца нашкодзіць сабе альбо знаходзіцца ў небяспецы ад дзеянняў іншых людзей», — паведаміў Марк Цукерберг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?