Грамадскае аб’яднанне «Дабрыня» з’явілася ў Брэсце сем гадоў таму. Спачатку валанцёры не думалі пра прытулак, яны проста дапамагалі жывёлам, што бадзяліся па вуліцах. Праз пэўны час стала зразумела, што для некаторых з іх такая разавая дапамога нічога не мяняе, таму вырашылі арандаваць памяшканне і стварыць імправізаваны прытулак якраз для складаных выпадкаў. Праз пару гадоў тут жылі ўжо 20 сабак і яшчэ больш катоў.

Калі арэндадаўца пачаў выстаўляць непад’ёмныя рахункі, валанцёры сталі шукаць дапамогі ў мясцовых уладаў. Ім падказалі больш бюджэтнае памяшканне на вуліцы Рабцава, куды яны і перабраліся ў 2014-м. На той момант у прытулку было ўжо каля 50 сабак і столькі ж катоў. Яшчэ праз некалькі гадоў валанцёры даглядалі ўжо 170 сабак і каля 200 катоў.

Прытулак «Дабрыні» на Рабцава, 2014 год.

Прытулак «Дабрыні» на Рабцава, 2014 год.

Да гэтага часу ў горадзе збудавалі новы дзяржаўны пункт па адлове і ўтрыманні безнаглядных жывёлаў. Меркавалася, што ў ім змогуць адначасова знаходзіцца каля 150 сабак. Валанцёрам «Дабрыні» прапанавалі змясціць тут сваіх гадаванцаў, аднак параілі пачаць больш актыўна шукаць ім гаспадароў, бо выглядала, што месца хопіць не ўсім. Якраз тады валанцёры кінулі кліч у сацыяльных сетках, на які адгукнуліся з-за мяжы.

«У Беларусі ці Расіі часта хочуць паказаць, што ў іх ёсць грошы на шыкоўную рэч. Еўрапейцы — што ёсць грошы на дапамогу»

Іна Лагун родам з Брэста, але вось ужо 15 гадоў жыве ў Нямеччыне, выкладае нямецкую мову. Прайсці міма ў Іны не атрымалася, як і ў Алекса Фолана, Сабіны Брандмаер і Б’янкі Вольф, што жывуць у Аўстрыі. Дзякуючы намаганням гэтай невялікай каманды больш за 600 чацвераногіх атрымалі ў жыцці другі шанец.

Жужа да ўладкавання і пасля. Хударлявы, спалоханы і зашуганы сабака. Вясной 2016 года яго проста перакінулі ў прытулак на Рабцава ў вальер. Калі да Жужы спрабавалі дакрануцца, яна гыркала і кусала з усёй сілы, а потым сядзела і глядзела ў сцяну, не хацела ні есці, ні піць. Прайшло шмат часу, перш чым яна пайшла на кантакт з людзьмі — настолькі вялікі быў страх і крыўда. Цяпер Жужа ў Нямеччыне і перадае ўсім шчаслівыя вітанні.

«Мы стварылі групу на фэйсбуку, дзе коратка апісвалі гісторыі гэтых жывёл, іх узрост, характар, звычкі, — распавядае Іна. — Немцы і аўстрыйцы вельмі спачуваюць экстранным выпадкам, таму яны пранікаліся і прапаноўвалі ці грашовую дапамогу, ці дом.

У Нямеччыне рух па абароне жывёл існуе даўно. Ёсць законы, адмысловыя арганізацыі, іх сотні, а не так, як у Беларусі. Мяне захапляе, што для немцаў і аўстрыйцаў няма нацыянальнасці жывёлаў, якія трапілі ў бяду. Яны бяруць сабе іх і з Кіпра, і з Грэцыі, і з Іспаніі».

Іна кажа, што за пятнаццаць гадоў, якія жыве ў Нямеччыне, яна ні разу не бачыла бадзяжнага сабаку. Вулічныя каты ёсць, але ім ставяць домікі, існуюць спецыяльныя праграмы па забеспячэнні іх кормам.

«Асабліва хутка ўладкоўваюцца якраз праблемныя выпадкі: каты з лішаям, без поўсці. Яны адразу ж знаходзяць тых, хто гатовы ім дапамагчы. Мабыць, людзям падабаецца вынік, ён жа адчувальны. Калі бярэш камок няшчасця, а з яго потым атрымліваецца прыгожая, ласкавая, адданая істота», — тлумачыць Іна.

Жанчына кажа, што еўрапейцы ў сабаку найперш шукаюць сябра.

«Для еўрапейцаў жывёла — не нейкі статус, як для некаторых беларусаў. Еўрапейцы бяруць сабе кампаньёна. У Беларусі ці Расіі часта хочуць паказаць, што ў іх ёсць грошы на шыкоўную рэч. Еўрапейцы — што ёсць грошы на дапамогу, — працягвае валанцёр. —

Зразумела, што ў бяздомную жывёлу ўкладваецца вельмі шмат сродкаў. Яны ж амаль усе ці ад авітамінозу пакутуюць, ці ад недахопу святла. Колькі ў нас з рахітам прыехала! Потым, калі жывёлам даюць вітамін D, калі яны маюць дастаткова святла, гэта ўсё хутка кампенсуецца».

У Нямеччыне многія трымаюць па тры-чатыры сабакі і яшчэ па пару катоў. Іна, у якой дома жывуць сем катоў і адзін сабака, называе сябе «сярэднестатыстычным немцам». Разам з мужам-немцам, які займаецца будаўнічым бізнэсам, яны жывуць у доме пад Гамбургам.

«Ён у мяне таксама вялікі каталюб, — распавядае Іна пра мужа. — І як аказалася, яшчэ і сабакалюб, бо калі я прыцягнула, не параіўшыся, сабаку, ён, канечне, спачатку пакрычаў, а цяпер гэтую кампанію вадой не разальеш».

Белінда да ўладкавання і пасля. Паступіў гэты сабака ў прытулак восенню 2016 года. Аднекуль у яго ўзяўся крывавы панос, сабака стаў адмаўляцца ад ежы. Белінда паволі згасала, таблеткі і ўколы не дапамагалі. Дыягназ несуцяшальны: заварот кішэчніка. Выжыве сабака ці не — 50:50. Хоць аперацыя прайшла паспяхова, але праз выдаленую палову кішэчніка развіўся некроз тканін. Па сутнасці — сабака-інвалід, хоць гэта і не бачна звонку. Кожныя пару гадзін яму давалі па чайнай лыжцы рысавага адвару, толькі збой — панос вяртаецца. Праз пэўны час Белінда паправілася, калі можна так сказаць. У лістападзе 2016 года яна паехала ў Аўстрыю. 

«Трэба кастрыраваць жывёл, інакш бадзяжных ніколі не паменее»

Новы дзяржаўны прытулак для жывёл запрацаваў у Брэсце напрыканцы 2016 года. Тут 128 вальераў для сабак і асобнае памяшканне, дзе могуць знаходзіцца адначасова 90 катоў. Як распавёў «Нашай Ніве» супрацоўнік участка па адлове і ўтрыманню безнаглядных жывёл, цяпер тут жывуць 100 сабак, 50 шчанят і каля 50 катоў.

Жывёлы, якімі займалася «Дабрыня», сюды так і не патрапілі.

«Як толькі 20 сабак ці катоў з’язджалі ў Нямеччыну ці Аўстрыю, мы тут жа бралі столькі ж новых. Вось і набегла лічба 600 перавезеных жывёл, — распавядае старшыня грамадскага аб’яднання «Дабрыня» Наталля Мініна. Пяць гадоў таму яна прыехала ў прытулак, каб прывезці гадаванцам корм. Потым — яшчэ раз, і яшчэ.

«Калі засталося 10-15 сабак, якіх мы не ўладкавалі ні ў Нямеччыне, ні ў Аўстрыі, у нас былі думкі закрыцца цалкам, адвезці жывёл у дзяржаўны пункт адлову і ўтрымання. Але я не хачу, мне псіхалагічна цяжка, бо ніхто так і не адказаў, што будзе з тымі жывёламі, для якіх там не хопіць месца, — працягвае Наталля.

— Ды і ў мяне пытаюцца: «Ну вось будзеш ты ісці па вуліцы, а там сядзіць сабачка ці коцік. Што ты зробіш? Возьмеш і пераступіш?» Дамоў не панясеш, бо ўжо нанеслі столькі, што тут іх ледзьве не больш, чым у прытулку. І мы вырашылі не закрывацца, але абмежаваліся 25 сабакамі».

Фенікс да ўладкавання і пасля. У кастрычніку 2014 года сабаку збіла машына. Пасля траўмы ён дрэнна рухаўся, некалькі месяцаў валанцёры «Дабрыні» яго выходжвалі. У маі 2015 года Фенікса ўзяла брэсцкая сям’я, але 1 ліпеня кіраўнік прытулку знайшла яго ў пункце адлову і забойства безнаглядных жывёл і зноў забрала ў прытулак. Узімку 2016 года за Феніксам прыехала дзяўчына з Нямеччыны. Гісторыя Фенікса (цяпер Херба) крыху нагадвала яе ўласную: яна таксама трапіла пад машыну і доўга аднаўлялася. Цяпер яе лісты пра яго падобныя на прызнанне ў каханні. «Ты ўжо чатыры месяцы ў мяне, і я не стамляюся дзякаваць лёсу за гэта. Кожны дзень ты дорыш мне ўсмешку, ты суправаджаеш мяне ўсюды, падтрымліваеш ва ўсім, верны мой чацвераногі сябар».

На новае месца «Дабрыня» пераехала 15 сакавіка. Сабакі жывуць у адмысловых вальерах. Катоў тут няма, бо каб іх утрымліваць, патрэбна спецыяльнае памяшканне.

Цяпер для валанцёраў «Дабрыні» важна захаваць той вынік, якога яны дасягнулі за сем гадоў іх дзейнасці. Увесь гэты час яны спрабавалі данесці людзям, што трэба кастрыраваць жывёл, інакш бяздомных ніколі не паменее.

«Мы не ўладкоўвалі не кастрыраваных сабак. Было некалькі адзінкавых выпадкаў, калі жыццю пагражала небяспека альбо дамова аб кастрацыі. Цяпер жа ў новым пункце адлову кастрацыю не робяць і, калі адтуль забіраюць сабаку ў вёску, пачынаецца размнажэнне. У выніку тое, што мы зрабілі за сем гадоў існавання прытулку, ідзе насмарку, — акцэнтуе Наталля.

— Колькі мы біліся! Я памятаю паток бяздомных, скалечаных жывёл. І ты не ведаеш, куды іх падзець. Памятаю шчанят, якіх прыносілі каробкамі. Цяпер жа тое, што мы рабілі цягам сямі гадоў, можна за паўгода перакрэсліць. Прынясе адзін сабака дзесяць шчанят, а мы ў пазамінулым годзе мы за год уладкавалі ўсяго 200. Гэта такі аб’ём работы! Хочацца, каб пазіцыя абаронцаў жывёлаў была аднолькавая. Без кастрацыі мы ніяк не дамо рады, не скароцім колькасць бяздомных».

Маня (цяпер Моо) да ўладкавання і пасля. Правяла ў «Дабрыні» некалькі месяцаў і знайшла свой дом у паўночнай Нямеччыне. Ізабэль, Манні і іх дачка заўсёды і ўсюды бяруць Маню з сабой. Калі адпраўляюцца вячэраць, то толькі туды, дзе дазволены ўваход з сабакам. Яны рэгулярна ездзяць на Балтыйскае і Паўночнае мора, дзе Маня бегае па пяску, плёскаецца ў вадзе і ганяецца за чайкамі.

«Як можна абвінаваціць нас у тым, што мы прадаём жывёл на доследы?»

Пасля паспяховай кампаніі «Дабрыні» па ўладкаванні брэсцкіх бяздомных жывёл у замежжы, некаторыя зоаабаронцы сталі шукаць падвох. На валанцёраў вылілася мора негатыву. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны вывозяць жывёл на доследы, аддаюць на ежу ў карэйскія рэстарацыі. Падазравалі, што яны папросту такім чынам набіваюць сабе кішэні.

Для валанцёраў гэта як нож у спіну, бо, па іх словах, яны ні капейкі за гэта не атрымліваюць, а ўсе грошы, што людзі пералічваюць на рахунак арганізацыі, ідуць выключна на дапамогу жывёлам. Прычым сродкаў увесь час не хапае.

Паўла да ўладкавання і пасля. У канцы снежня Паўлу збіла машына. Выявілася, што ў сабакі складаны асколачны пералом галоўкі сцегнавога сустава. Паўлу паклалі на драўляныя паддоны ў вальеры ветклінікі і сталі чакаць, пакуль спадзе пухліна. Абязбольванне было проціпаказана, бо сабака стаў бы нагружаць раздробненую нагу, а гэта пагоршыла б працэс гаення. Сумную карціну выклалі ў інтэрнэт і хутка знайшлася сям'я, гатовая прыняць Паўлу. Ужо некалькі месяцаў сабака жыве ў паўночнай Нямеччыне. Адразу пасля прыезду яго прааперавалі, аперацыя была вельмі дарагой і яшчэ даражэй каштавала далейшая фізіятэрапія. Аперавалі Паўлу пяць гадзін, сабраць шматлікія аскепкі ў ранейшым выглядзе было немагчыма, таму сфармавалі штучны сустаў. Сям'я ўлезла ў даўгі, і ў групе дапамогі адкрылі збор сродкаў. Цяпер Паўла нават бегае.

Іна Лагун, якая дапамагае з Нямеччыны, даводзіць, што ў іх існуе афіцыйная забарона на ўжыванне ў ежу сабак, катоў і прыматаў. Калі б нейкая рэстарацыя трапілася на выкарыстанні мяса гэтых жывёл, быў бы скандал на ўсю краіну.

«Мне вельмі крыўдна бачыць гэты бруд. Я не ведаю, як даказаць людзям, што не зарабіла на жывёлах ні капейкі. Калі б хтосьці пабыў сярод нашых валанцёраў… Да пяці гадзін ты на працы, потым ідзеш карміць жывёл. А яшчэ трэба аформіць дакументы, зрабіць прышчэпкі. Як можна абвінаваціць нас у тым, што мы іх прадаём на доследы? Я памятаю кожную сабаку, якая была ў нас, кожную па мянушцы. Хацелася сказаць: усё, хопіць!», — шчыра прызнаецца Наталля Мініна.

У «Дабрыні» ўсяго сем-восем валанцёраў, якія дапамагаюць жывёлам пастаянна. Але жыхароў, якія час ад часу падключаюцца, шмат: прывозяць корм, рыззё, кардон. Дапамога заўсёды патрэбная і актуальная.

Калі хочаце паспрыяць дзейнасці каманды фінансава, пералічыць грошы можна сюды:

Брэсцкае грамадскае аб’яднанне дапамогі жывёлам (БГАДЖ) «Дабрыня»

УНП 290927236

р/р 3 015 730 009 012 ў ЦКА №3 дырэкцыі ААТ

«Белінвестбанк» па Брэсцкай вобласці, код банка — 153001739

Прызначэнне плацяжу — добраахвотнае ахвяраванне

Ягуар

Ягуар да ўладкавання і пасля.

Ягуар да ўладкавання і пасля.

Сёлета ў сакавіку ў «Дабрыню» звярнулася пенсіянерка, якая даглядала 12 катоў і 2 праблемныя сабакі. Грошай на кастрацыю не было, а займацца жывёламі жанчыне станавілася ўсё больш складана праз хворую спіну. Жывёлы былі знясіленыя, сілкаваліся кашай і макаронай, напаўпаралізаваны сабака Ягуар год не выходзіў на вуліцу. Жанчына падабрала яго летам 2016 года, пасля таго, як ён трапіў пад машыну.

Ягуара паказалі ветэрынару, дыягназ быў несуцяшальным: траўма старая, адчувальнасць у задніх канечнасцях адсутнічае, лапа ўсыхае, тэрмінова патрэбны вазок. Гісторыю Ягуара размясцілі ў інтэрнэце і праз некалькі дзён прыйшло паведамленне: «Наш каціны ферайн (зоаабарончае аб'яднанне) браў у вас катоў на ператрымку і ўладкаванне, але я б вельмі хацела дапамагчы Ягуару. Прапаную доўгатэрміновую ператрымку, не выключана, што ён у нас і застанецца».

На Вялікдзень Эмін і Алекс забралі Ягуара, праехаўшы дзеля гэтага 2000 кіламетраў з Гамбурга ў Брэст і назад. Каб сабака не сумаваў, яны прыхапілі і яго маленькіх сяброў Малюці і Бэлу, разгрузіўшы крыху кватэру пажылой жанчыны. Ужо ў дарозе Ягуар зачараваў абодвух. Неўзабаве яго паказалі нямецкаму ветэрынару, які прызначыў яму курс фізіятэрапіі, які мусіў дапамагчы распрацаваць скурчаныя мышцы, каб сабака змог карыстацца вазком.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?