Як мы пабаролі дзедаўшчыну. Ліст з войска. Частка І

Якія яны, сучасныя салдаты?

Розныя — адкажу, — але ёсць супольныя рысы, каб выдзеліць іх у грамадзе.

У нашай часці служылі ў большасці дзеці простага люду, з сем’яў рабочых і калгаснікаў. Для іх характэрны невысокі ўзровень адукацыі: школа, вучылішча, радзей — каледж.

У дні наведвання роднымі і блізкімі на паркоўцы каля часці стаяць самыя танныя паношаныя аўтамабілі. І вопратка іх бацькоў сціплая, і «паляну» для свайго дзіцяці яны накрываюць па-сялянску: прадукты ў асноўным з прысядзібных сотак. Іх дзеці — талковыя салдаты, цярпліва вучацца вайсковаму майстэрству, цягавітыя, звыклыя да працы.

За час службы не выявіў ніводнага салдата, у якога бацькі былі б па нашых мерках багатыя. Відаць, уласнікі заводаў, фірмаў і параходаў не пасылаюць сыноў служыць, альбо яны служаць у іншых месцах. Тых, хто скончыў вышэйшую навучальную установу, таксама сустрэнеш рэдка.

Праўда, прыйшлося назіраць аднаго салдата, якога прызвалі пасля ўніверсітэта. Лейтэнант на занятках тлумачыў прынцып дзеяння вайсковай тэхнікі па законах фізікі. Затым перадаў указку адукаванаму салдату, загадаўшы: працягвай. Салдат упэўнена працягнуў лекцыю. Пасля заняткаў афіцэр спытаў у яго: што ты тут робіш, калі ўсё ведаеш?

Салдату, па сутнасці, сказалі, што ён дарэмна марнуе час.

Яшчэ адзін разумнік аказаўся ў салдатах выпадкова. У яго і век сыходзіў з прызыўнога, і жанаты быў, і меў дзяцей. Але прыйшла павестка, ён паспяшаўся з’явіцца ў ваенкамат, упэўнены ў чарговай адтэрміноўцы… І аказаўся ў войску. Служыў выдатна.

Дарэчы, у войску ўвагу прыцягваюць нестандартныя салдаты. Служыў адзін з мянушкай Туманны. Юра скончыў ВНУ, вывучаў камп’ютары. У камп’ютарах разбіраўся, але ў войску павінен быў вучыцца страляць, арыентавацца на мясцовасці, рамантаваць тэхніку. Усё гэта ніяк не мог спасцігнуць. Гэты салдат быў нібы дзесьці ў іншым вымярэнні. Думаў зусім не пра тое, што побач, і погляд яго быў адпаведны.

У час вучэнняў Туманны трапіў у палон да дыверсантаў «ворага», калі некуды крочыў, нічога не заўважаючы вакол. Яго аглушылі, скруцілі і завалаклі ў палатку для допыту. Надавалі тумакоў, застаўся шнар на галаве. Яшчэ Туманны ўмудрыўся прыпячы руку аб грубку, якая стаяла ў «варожай» палатцы для абагрэву. Праз суткі Туманнага вызвалілі з палону. Два дні ён адлежваўся ў лазарэце, а на трэці зноў крочыў па пляцы з выглядам іншапланетніка і з баявым аўтаматам, які целяпаўся ў яго на баку. На пытанне сяржанта, ці баляць сінякі, адказаў:

— Не, мне добра, лепей за іншых.

І пашкандыбаў далей. А сяржант насцярожана праводзіў яго позіркам і падумаў, што лепш бы не даваць зброю ў рукі такім Туманным.

Двух салдат, падобных да яго, спісалі з войска пасля вучэнняў. Ім было даручана чысціць жэралы танкавых гармат. Пасля ад першага ж снарада жэрала разарвала. Салдат-чысцільшчыкаў не судзілі, бо ў першыя месяцы службы было заўважана, што яны, мякка кажучы, неадэкватна сябе паводзілі.

Як яны праходзілі медкамісію, дзе былі вочы і розум спецыялістаў, якія прызналі іх годнымі? Часам здаецца, што мабілізацыя ў нашай краіне падобная да невада. Закінулі — хто папаўся, той і заняў месца ў вайсковых шэрагах.

Адслужыў, чаму навучыўся?

Калі прыйшоў час дэмабілізавацца, я прааналізаваў: чаму навучыўся за час службы, што каштоўнае ўзяў адсюль і панёс далей у жыццё. Што пасталеў, навучыўся стрымліваць эмоцыі, дысцыплінаваць сябе — гэта факт. Але, калі ішоў служыць, спадзяваўся даведацца больш. Дарэчы ўспомніць рэкламны ролік па тэлевізары, дзе бравы палкоўнік, рэкламуючы службу, звяртаецца да юнака:

— Ну што, сынку, у войска хочаш?

Маўляў, мы цябе навучым і з парашутам скакаць, і страляць, і з любой тэхнікай спраўляцца. Можа, дзе і вучаць так, ды толькі ў нашым дывізіёне рэклама далёка апярэдзіла сапраўднае становішча.

У вучэбным цэнтры нам далі тэарэтычную падрыхтоўку, а вось практыка пайшла куды слабей. Магу пералічыць практычныя дзеянні на пальцах.

Адзін раз на палігоне наблізілі ўмовы да баявых: танк прасаваў акоп, у якім я сядзеў.

Другі раз мы вучыліся кідаць баявую гранату. Толькі замест салдат гранаты ўвесь дзень кідаў інструктар-падпалкоўнік.

— Мне так спакайней, — тлумачыў ён.

Трэці раз мы выехалі на вучэнне экіпажамі на лёгкабраніраваных танках. Вось і ўсе практычныя заняткі.

Большую частку службы чысцілі, змазвалі зброю, пераносілі скрынкі з боепрыпасамі. А па паперах у гэты час у нас былі вучэнні экіпажаў, абарона і г.д.

Падрыхтаванасць войска павінна быць вышэйшай, чым цяпер. І гэта залежыць у першую чаргу ад настроенасці афіцэраў.

Мне пашанцавала назіраць, як служыў адзін талковы лейтэнант. Казалі, што ён з сям’і патомных вайскоўцаў. Ён строга патрабаваў ад салдат выканання статуту, пры гэтым не прыніжаў іх годнасці. Спакойна тлумачыў тое, што мы не разумелі, а ў вольны час займаўся з намі на спартыўнай пляцоўцы. Праз некалькі месяцаў ён вымушаны быў звольніцца, бо ў афіцэрскім асяродку яго не прынялі як свайго.

Большасць афіцэраў дэманстравала салдатам такі лозунг: «Ты хто такі? Ты ніхто і ніякі». Са слоў лейтэнантаў, старшыя над імі гэтак жа не паважалі іх.

У час службы афіцэры мелі над салдатамі поўную і безагаворачную ўладу. Гэта ўлада была і ў тым, каб перакласці выкананне сваіх абавязкаў на таго, хто ніжэй па службовай лесвіцы. Узяць хоць водпускі.

Каб салдат атрымаў адпускное прадпісанне, афіцэр мае запоўніць стос папер. Але гэтыя паперы запаўняе, піша, носіць па інстанцыях сам салдат, які хоча ў водпуск. Афіцэры толькі правяраюць, ці правільна напісаў.

Часцей за ўсё гэта выглядала так.

Салдат прыносіць запоўненыя паперы на водпуск. Афіцэр чытае і рве паперы, бо, на яго погляд, яны няправільна складзеныя. Ён дае свае рэкамендацыі, як запаўняць лісты. Салдат зноў запаўняе і прыносіць новаму афіцэру, які заступіў на дзяжурства. Той таксама кідае пісаніну ў сметніцу. Такая «гульня» можа доўжыцца месяцы. Некалькі салдат так і не пайшлі ў водпуск, стаміўшыся пісаць.

Такім чынам, звальняючыся ў запас, я хацеў пакінуць свае пажаданні. Каб нашы вайскоўцы ўдасканальваліся ў вайсковых умельствах і не забываліся на маральны дух салдат. І яшчэ пра тое, што бяздумнае падпарадкаванне робіць з вайскоўцаў прыслугу, а не баявых салдат, якія павінны служыць Айчыне.

Вось так я аформіў свае пажаданні ў выглядзе запісак.

Як служыў у 1940-я мой прадзед

Мой прадзед па мацярынскай лініі ноччу 22 чэрвеня 1941 быў у дазоры на мяжы Беларусі і Польшчы. У небе чуўся гул самалётаў, пачаліся бамбёжкі. Наступ немцаў быў імклівы, не паспелі апомніцца, як апынуліся ў палоне. У лагеры ўмовы былі такія, што прадзед хутка зразумеў: не выжыве, трэба ўцякаць. Першы раз злавілі, цкавалі сабакамі, збілі.

На другія ўцёкі знайшоўся кампаньён, афіцэр. (Перад палонам ён паспеў пераапрануцца ў радавога, каб немцы не расстралялі на месцы.)

Ішлі ноччу, днём хаваліся ў дрэнажных трубах. Елі і чарвякоў, і матылькоў, і лісце, каб толькі было што ў страўніку. Напарнік прымацоўваў іголку на тонкую драўляную палачку, пускаў па лужыне. Па тым, як палачка павернецца, вызначаў бакі свету. І вёў на ўсход.

Праз тры тыдні перайшлі лінію фронту. Колькі было радасці, калі зваліліся ў акопы да сваіх. Іх узялі пад варту і адаслалі ў НКВД, дзе доўга дапытвалі.

Аб’явілі здраднікамі Радзімы. Напарніка расстралялі. Прадзеда адправілі ў лагер для штрафнікоў за Урал. Там здабываў руду, працаваў кавалём у гарачым цэху на вайсковым заводзе.

У 1944-м зноў прызвалі. Давялося браць Кёнігсберг, дзе палеглі дзясяткі тысяч салдатаў.

Прадзед цудам ацалеў, пражыў 91 год, але да канца жыцця не любіў успамінаць вайну. Магчыма, баяўся зноў трапіць у савецкі лагер за Уралам.

1960-я: дзед

Дзед быў у войску ад 1965 да 1968 года (у той час служылі тры гады). Ён гадаваўся ў глухой вёсцы на Віцебшчыне, скончыў дзесяцігодку, працаваў у калгасе. А служыць давялося на тэрыторыі Польшчы, у ракетных войсках.

З яго расповедаў запомніліся кароткія карцінкі.

«У першы дзень, калі нас пасялілі ў казарме, выдалі пасцелю. Раніцой наступнага дня дзяжурны афіцэр выявіў, што адзін салдат спаў на голым матрасе. Пасцеля ляжала пад падушкай. І ніхто не кпіў з недарэкі, які не ведаў, нашто тая прасціна. Не адзін ён быў з беднай сям’і».

Дзед быў добра падрыхтаваны фізічна. Мог дзясяткі разоў падцягнуцца на турніку і лёгка круціў на ім «сонца». Ніхто ў той час вясковых хлопцаў не прымушаў займацца спортам, проста само жыццё рабіла хлопцаў моцнымі і загартаванымі. Мальцы самі ставілі сабе турнікі ў дварах.

У той час не было адтэрміновак для студэнтаў. У дзедавым узводзе з пятнаццаці салдат дзесяць прызываліся з ВНУ: качагар сканчаў авіяцыйны, кравец — замежных моў, шавец — інжынерны.

Дзедаўшчыны не было. Тых, хто служыў трэці год, першагодкі паважалі без лішніх слоў. І казарму ў іх чаргу маглі прыбраць, і грубку вытапіць.

Салдат не прыніжалі. Галоўны ўпор рабіўся на тое, што савецкія салдаты — гордыя ваяўнічыя, добра навучаныя. А такіх нельга крыць матам.

І афіцэры не дазвалялі ў адносінах да салдатаў нецэнзурных слоў. І між сабой салдаты не лаяліся. Ведалі: за такія словы атрымаеш нарады і на губу трапіш. І мацюкі, і дзедаўшчына сталі звычкай у перыяд застою, у 1970-я і 1980-я.

Салдацкі паёк

Чорны хлеб — 250 гр.
Белы — 70 гр.
Булачка — 1 шт.
Мяса — 100 гр.
Рыба, птушка — па 100 гр.
Цукар — 60 гр.
Масла — 30 гр.
Малако, кефір — 100 гр.
Яйка — 1 шт.
Гародніна — 830 гр. (у тым ліку бульба — 550 гр.)
Сокі — 100 гр.

Ва Узброеных сілах Беларусі служыць і працуе 65 тысяч чалавек. З іх 48500 вайскоўцаў і 16500 цывільных.

***

Антон Клімовіч — 24 гады, скончыў Педуніверсiтэт iмя Максiма Танка, настаўнiк фiзiкi і iнфарматыкi, музыка ў андэграўндным гурце. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0