Масква вуснамі палітоляга Андрэя Суздальцава зрабіла суворую вымову беларускаму кіраўніцтву. Маўляў, у драматычны час бітвы на Каўказе партнэр па саюзнай дзяржаве не падтрымаў, ухіліўся, фактычна — здрадзіў.

"Як гаворыцца, улічым да студзеня", — піша аўтар, маючы на ўвазе цану на газ.

Канечне, і ў Маскве ня ўсе глядзяць на крывавыя каўкаскія падзеі з імпэрскае званіцы. Так, Юлія Латыніна жорстка характарызуе рэжым Паўдзённай Асэтыі як "сумеснае прадпрыемства" чэкісцкіх генэралаў ды мясцовых крымінальных элемэнтаў па асваеньні грошай "на барацьбу з Грузіяй". Аб'яднаны грамадзянскі фронт заяўляе пра "шматгадовую бяздарную і двурушніцкую палітыку расейскага кіраўніцтва на Каўказе ўвогуле і датычна Грузіі ў прыватнасьці". Але гэта — галасы тых, хто адсунуты на маргінэс. Дамінуе ж патас вялікадзяржаўнасьці.

Адразу агаваруся: ня варта трапляць і ў палон антырасейскай парадыгмы. Іначай атрымліваецца, што Саакашвілі ва ўсіх сваіх учынках апрыёры мае рацыю, бо Грузія маленькая, а Расея — вялікая. Гэта, канечне, ня так.

Разам з тым, адной з галоўных прычын вайны ў Грузіі стала тое, што Расея не выбірае сродкаў, імкнучыся трымаць постсавецкія краіны на кручку.

Дактрына "кіраванага хаосу" праз падтрымку сэпаратысцкіх рэжымаў у Паўдзённай Асэтыі і Абхазіі была разьлічана, у прыватнасьці, на тое, каб перашкодзіць дрэйфу Тбілісі ў бок НАТО: альянсу недарэчы сябры з тэрытарыяльнымі праблемамі.

Але кіраваны хаос у любы момант можа стаць некіраваным. Ружжо на сьцяне калісьці абавязкова стрэліць.

А такіх ружжаў на постсавецкім абсягу разьвешана багата. Былы амбасадар ЗША у ААН Холбрук заявіў: наступнай пасьля Грузіі будзе Ўкраіна!

Перабольшаньне, эпатаж? Але згадайма, як даўно ды мэтанакіравана распальваюць маскоўскія дзеячы праблему Сэвастопаля ды Крыму. І зноў жа: Крамлю не пад нос, што Кіеў глядзіць у бок НАТО. Зараз Масква, дарэчы, закідае Ўкраіне "заахвочваньне Грузіі да інтэрвенцыі". Што ж, Кіеў толькі сьцьвердзіцца ў сваім празаходнім выбары.

Менск жа ў гэтай сытуацыі, як і прагназавалася ў папярэднім постынгу, абачліва дыстанцыяваўся ад каўкаскай вайны.

"Тое, што Менск дасюль абмежаваўся толькі заявай прадстаўніцы МЗС з заклікам да ўсіх бакоў спыніць баявыя дзеяньні, выглядае цалкам разумным, — мяркуе менскі незалежны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Гэтак сама, як і недалучэньне да расейскіх санкцыяў у дачыненьні да Тбілісі. У нас няма візавага рэжыму і працягваюць ажыцьцяўляцца наўпроставыя авіярэйсы ў грузінскую сталіцу. І беларусы п'юць баржом".

Разам з тым аналітык падкрэсльлівае: на тле каўкаскіх падзеяў асабліва відавочна, што Беларусі "складана быць у вайскова-стратэгічнай запрэжцы з Расеяй". Якаўлеўскі зазначае: "Напрыклад, тое, што ў восеньскіх манэўрах беларускага войска маюць намер удзельнічаць ВПС Расеі, з улікам цяперашніх паводзін Масквы на Каўказе можа выклікаць напружанасьць ужо ў нашым рэгіёне".

Дадамо: яшчэ болей небясьпечнымі могуць быць гульні ў розныя там "асымэтрычныя адказы" з выкарыстаньнем "іскандэраў" і г.д. Фантазіі маскоўскіх ястрабаў сягаюць далёка.

Вунь генэрал Івашоў дык і ўвогуле мяркуе, што Менску ня шкодзіла б падумаць пра выхад з Лісабонскага пратаколу, каб можна было паставіць у нас ядзерную зброю.

Тым часам пратачылася канфідэнцыйная інфармацыя пра размову Сяргея Лаўрова з Кандалізай Райс. Калі верыць амэрыканскаму боку, расейскі міністар дэкляраваў умову: Саакашвілі мусіць сысьці! Лаўроў пасьпяшаўся заявіць, што гэта некарэктная трактоўка. Так ці іначай, дактрына "сваіх сучыных сыноў" па-ранейшаму запатрабаваная. Мы добра памятаем, як Масква спрабавала накінуць грузінам зьбеглага дзеяча Гіяргадзе. Дый на Ўкраіне, памятаеце, Пуцін асабіста лабіяваў кандыдатуру Януковіча ў піку празаходняму Юшчанку.

І ўжо можаце не сумнявацца: калі Масква адчуе, што "страчвае" Беларусь, тут яшчэ могуць разгарнуцца вельмі крутыя сюжэты.

Працытуем яшчэ адну выснову А.Суздальцава: "…Са зьнікненьнем (sic! — Аўт.) А.Лукашэнкі зь Менску праблем у Масквы з чарговым беларускім кіраўніцтвам не паменее".

Асобным маскоўскім дзеячам не прыходзіць у галаву простае дапушчэньне: а мо' беларусы і самі разьбяруцца са сваімі праблемамі?

ЗЫ. А вось вам і працяг украінскай тэмы. Урадавая "Российская газета" піша: "У цяперашні час Расеі варта разглядаць дзеяньні Ўкраіны як варожыя з усімі наступствамі, што вынікаюць з гэтае высновы...". Што і патрабавалася давесьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?