Дырэктар аднаго з прадпрыемстваў, якое абслугоўвае сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці, і яго намеснік па эканоміцы прычынілі шкоду «Беларуськалію» на суму больш за 850 тысяч рублёў.

З 2010 па 2012 год яны закупалі калійныя ўгнаенні, якія пасля былі нібыта рэалізаваныя насельніцтву.

«Але адлюстраваныя ў адпаведных заявах фізічныя асобы пры праверцы аказаліся выдуманымі. Магазін прадпрыемства, у якім нібыта былі прададзеныя ўгнаенні, насамрэч апынуўся прадуктовай крамай і хлорысты калій у яго трапляў толькі на паперы. Насамрэч угнаенні вывозіліся напрамую з базы мінеральных угнаенняў у Смаленскую, Варонежскую, Арлоўскую і Курскую вобласці Расійскай Федэрацыі», - паведамляюць следчыя.

Афармленне падложных таварасуправаджальных дакументаў на вываз калійных угнаенняў за межы рэспублікі арганізаваў родны брат дырэктара - кіраўнік прыватнага прадпрыемства.

Атрыманая ў ААТ «Беларуськалій» адна тона калійных угнаенняў па льготнай цане для сельгасвытворцаў фактычна рэалізоўвалася суб'ектам гаспадарання Расійскай Федэрацыі ў некалькі разоў даражэй. Розніца ад продажу асела ў кішэнях абвінавачаных асоб, якія набылі дарагія аўтамабілі і нерухомасць у Мінску.

У ходзе расследавання былі ўсталяваныя таксама іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці.

Напрыклад, дырэктар прадпрыемства, які абслугоўвае сельскагаспадарчыя арганізацыі, набыў нібыта для патрэб арганізацыі аўтамабіль «Таёта Лэнд Крузер Прада». Пры праверцы высветлілася, што фактычным уладальнікам дадзенага аўтамабіля з'яўляўся сам жа дырэктар, а падпарадкаванае яму прадпрыемства набыло названы транспартны сродак па кошце, завышаным практычна на 20 000 даляраў.

Таксама дырэктар нібыта прадаў іншы уседарожнік — «Таёта Секвоя» — свайму ж кіроўцу, але фактычна машына была прададзена іншай асобе. Сам дырэктар «зарабіў» такім чынам больш за 8 000 даляраў.

Акрамя таго той жа кіраўнік прадпрыемства прыпісваў кіламетраж у службовым аўто. У выніку было выкрадзена больш за 5 000 літраў бензіну АІ-92, якім абвінавачваны дырэктар запраўляў аўтамабілі сваіх блізкіх сваякоў.

А калі дырэктар парушаў хуткасны рэжым на службовым аўто, то накіроўваў у МУС загадзя ілжывую інфармацыю, у адпаведнасці з якой адміністрацыйныя правапарушэнні нібыта здзяйснялі яго падначаленыя.

Не забываўся ён і пра сваякоў. Так, напрыклад, для забеспячэння пляменніцы сваёй жонкі месцам у сталічным інтэрнаце на перыяд яе навучання дырэктар стварыў у сталіцы «віртуальны» аддзел маркетынгу, у які залічыў сваячку. На справе жанчына ніколі не знаходзілася ў працоўных адносінах з узначаленым ім прадпрыемствам. Пры гэтым грашовыя сродкі за пражыванне ў інтэрнаце пляменніцы жонкі дырэктара на працягу 4 гадоў спісваліся з разліковага рахунку прадпрыемства.

Агулам па справе праходзяць некалькі чалавек: той самы дырэктар прадпрыемства, які абслугоўвае сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці, яго намеснік, а таксама кіраўнік, бухгалтар і менеджар прыватнага прадпрыемства.

Усім ім выстаўленыя абвінавачванні па шэрагу артыкулаў, сярод якіх перавышэнне службовых паўнамоцтваў, легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць і інш.

Крымінальная справа перададзена ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?