Любыя два чалавекі на Зямлі зьвязаныя адно з адным цераз шэсьць‑сем агульных знаёмых.

Гэты довад пацьвердзілі дасьледчыкі кампаніі Microsoft на падставе вывучэньня 30 мільярдаў тэкставых паведамленьняў, дасланых праз службу MSN Messenger у чэрвені 2006 году.

На базе дадзеных пра перамовы было высьветлена, што кожны з 240 мільёнаў карыстальнікаў сэрвісу мог бы «дайсьці» да другога ў сярэднім за 6,6 «крока» («крокам» лічылася непасрэдная й рэгулярная камунікацыя).

Прычым у 78% параў даўжыня ланцужка, што іх разьядноўвае, складае ўсяго сем ступеняў ці нават меней.

Такім чынам, дасьледчыкі матэматычна даказалі «тэорыю шасьці ступеняў аддаленасьці» або «шасьці руканьняў», высунутую ў 1967 годзе сацыёлягам Гарвардзкага ўнівэрсытэту Стэнлі Мілграмам.

Прапанаваная ім гіпотэза палягала ў тым, што кожны чалавек апасродкавана знаёмы зь любым іншым жыхаром плянэты празь недаўгі ланцужок агульных знаёмцаў. У сярэднім, гэты ланцужок складаецца з шасьці чалавек.

Мілграм абапіраўся на дадзеныя экспэрымэнту ў двух амэрыканскіх гарадах.

Жыхарам аднаго гораду раздалі 300 капэртаў, якія трэба было перадаць пэўнаму чалавеку, які жыў у інншым горадзе. Капэрты можна было перадаць толькі праз сваіх знаёмых і сваякоў.

У 1998 годзе Дункан Уотс атрымаў пацьверджаньне тэорыі Мілграма. У ягоным экспэрымэнце ўдзельнічалі 60 тысяч карыстальнікаў электроннай пошты. Дадзеныя Ўотса аказаліся больш пераканаўчымі з тэхнічнага пункту гледжаньня, апроч таго, ён пабудаваў выразную матэматычную мадэль «шасьці руканьняў».

У 2006 годзе Джудыт Клейнфілд з унівэрсытэту Аляскі паставіла тэорыю Мілграма пад сумнеў, высьветліўшы, што ў 1967 годзе да адрасата не дайшлі 95% лістоў. Дасьледчыца выказала меркаваньне, што тэорыя «шасьці ступеняў аддаленасьці» ёсьць у пэўным сэнсе эквівалентам гарадзкога міту.

«Які цесны сьвет у сэнсе сацыяльных сувязяў, людзі здагадваліся й да нас. Але мы паказваем, што гэтая ідэя ёсьць навуковай ісьцінай», — кажа дасьледчык Microsoft Эрык Норвіц.

Асэнсаваньне дадзеных, атрыманых за месяц камунікаваньня 242.720.596 карыстальнікаў MSN Messenger, у Норвіца й Юрэ Лескавеца з унівэрсытэту Карнэгі‑Мэлан заняло два гады.

Аб’ём дасьледаваных дадзеных склаў каля 4,5 тэрабайтаў. Спэцыяльны васьміпрацэсарны сэрвэр з 32 гігабайтамі памяці капіраваў дадзеныя цягам 12 гадзін.

Паводле BBC Russian

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0