Пачатак акцыі быў запланаваны на 13.00, аднак старт быў адкладзены прыкладна на паўгадзіны, паведамляе РБК.
Як патлумачыў прысутным адзін з арганізатараў акцыі Аляксандр Рыклін, незадоўга да пачатку супрацоўнікі паліцыі па «загадзе чалавека ў цывільным» знішчылі афармленне сцэны.
«Тут былі банеры «Хопіць Пуціна!», «Хопіць цемрашальства», «Хопіць трываць Кадырава». Пад сцэнай была расцяжка «Балотная справа — ганьба Расіі». Нейкаму чалавеку ў цывільным падалося, што гэтыя заклікі не адпавядаюць тэматыцы мерапрыемства. Ён аддаў загад паліцыянтам, і афармленне было знішчана», — заявіў Рыклін.
6 мая 2012 года, неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, у Маскве павінен быў адбыцца ўзгоднены апазіцыйны «Марш мільёнаў», у межах якога планаваўся мітынг на Балотнай плошчы. Акцыя вылілася ў беспрэцэдэнтныя сутыкненні з паліцыяй і масавыя затрыманні ўдзельнікаў. У выніку больш за 30 чалавек сталі фігурантамі «балотнай справы».