Назіральнікі ААН пацьвердзілі, што расейцы занялі ключавую чыгуначную станцыю Сэнакі на захадзе Грузіі. Намесьнік генсака ААН рыхтуе даклад Радзе бясьпекі наконт гэтага.

Пасьля таго як справа была вынесеная на разгляд Рады бясьпекі ААН, Мінабароны Расеі заявіла пра выкананьне пастаўленай задачы і вывад войскаў з Сэнакі.

МУС Грузіі паведамляе таксама пра захоп Зугдзідзі. Надыходзяць супярэчлівыя інфармацыі наконт лёсу гораду Горы, што за 60 кілямэтрах ад Тбілісі. Жыхары практычна пакінулі горад пасьля трохдзённых бамбёжак. Пад адну зь іх трапіў у панядзелак прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі, што наведваў горад у суправаджэньні міжнародных журналістаў.

Увечары Саакашвілі ў тэлевыступе заявіў, што

расейскія часткі падзялілі краіну напалам, перарэзаўшы ў Сэнакі галоўную магістраль, што зьвязвае захад і ўсход краіны.

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла заняцьцё Сэнакі і абвергла інфармацыю аб акупацыі Горы. «Плянаў рухацца ў бок Тбілісі ў нас не было і няма», — заявіў прадстаўнік міністэрства. Расея заяўляе, што апэрацыя на тэрыторыі Грузіі патрэбная, каб запабегчы новым грузінскім атакам у Паўднёвай Асеціі.

З ініцыятывы Грузіі сёньня ўначы ў чарговы раз зьбярэцца Рада бясьпекі ААН.

«Расея ясна паказала, што зьяўляецца мэтай гэтай апэрацыі, — сказаў Саакашвілі. — Мэта гэтай апэрацыі — ня толькі захапіць частку грузінскай тэрыторыі, але, як яны ясна сказалі, зьмяніць рэжым у Грузіі. Канчатковым вынікам гэтай апэрацыі расейскіх сілаў мае быць этнічная зачыстка і зьнішчэньне грузінскага насельніцтва ў Абхазіі». «Мы ў прынцыпе назіраем заплянаванае, спакойнае, загадзя задуманае забойства малой краіны», — сказаў Саакашвілі.

Тым часам расейскі прэм’ер-міністар Уладзімір Пуцін сказаў сёньня ў Маскве, што сытуацыя з канфліктам выглядае зусім ня так: «Зьдзіўляе маштаб гэтага цынізму, зьдзіўляе ўменьне выдаваць белае за чорнае, чорнае за белае, уменьне спрытна паказваць агрэсараў у якасьці ахвяраў агрэсіі і ўскладаць адказнасьць за наступствы на саміх ахвяраў».

Расея адмовілася падпісваць пагадненьне аб спыненьні агню, прапанаванае міністрамі замежных справаў Францыі і Фінляндыі. Саакашвілі яго падпісаў. Расея пагаджаецца падпісаць перамір'е толькі ў тым выпадку, калі ў дадатак Грузія падпіша дамовы аб неўжываньні сілы з прарасейскімі ўрадамі Абхазіі і Асеціі. Для Тбілісі гэта амаль непрымальная прапанова, бо гэта азначала б прызнаньне іх юрысдыкцыі.

Захоп Сэнакі адбыўся пасьля таго як Расея ўвяла дадатковую дэсантную дывізію ў Абхазію ў складзе 10 тысячаў вайскоўцаў, падмацаваных 350 адзінкамі бранятэхнікі. Масква называе гэта «ўзмацненьнем міратворчага кантынгенту», а свае дзеяньні «апэрацыяй прымушэньня да міру».

Дзеяньні Расеі выклікаюць усё большую занепакоенасьць Захаду. Фактычна, Расея дэманструе, што Грузія ёсьць зонай яе ўплыву.

«Патрэбная вельмі моцная рэакцыя Эўропы», — заявіў міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт. Ён адкінуў аргумэнты Масквы, якая тлумачыць умяшаньне ў Паўднёвай Асеціі неабходнасьцю абароны расейскіх грамадзянаў. «Маем падставы прыгадаць, што паўстагодзьдзя таму Гітлер ужываў тую самую дактрыну, каб дачапіцца і атакаваць значную частку Цэнтральнай Эўропы», - напісаў Більдт у сваёй заяве.

Сёньня віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні ў тэлефоннай размове з Міхэілам Саакашвілі выказаў таму падтрымку і асудзіў расейскае ўварваньне. Аднак краіны Захаду вымушана абмяжоўваюцца палітычнай падтрымкай, аб ваеннай дапамозе гаворка не ідзе.

Сёньня таксама працягваліся баі ў раёне Цхінвалі і бамбёжкі расейскай авіяцыі. Грузія заяўляе аб 19 зьбітых расейскіх самалётах. Масква пацьвярджае толькі 4 зьбітыя самалёты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?