8 мая ў Мінску пасля цяжкай працяглай хваробы памёр найстарэйшы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Мікола Аўрамчык. Яму было 97 гадоў. Пра гэта паведаміў сайт пісьменніцкай арганізацыі. 

Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў Плёсах Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў школы ў Плёсах і Цялушы. У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», пазнаёміўся з Янкам Купалам, Кузьмой Чорным, Алесем Салаўём, пра якіх пакінуў успаміны.

Мікола Аўрамчык быў ветэранам Другой сусветнай, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 года трапіў у акружэнне і ў палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953—1980 — рэдактар аддзелу паэзіі часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў з 1947 года.

Дэбютаваў вершамі ў 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), «У падзямеллі» (раман, 1986), «Анкета: Выбранае» (1990), зборніка вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). 

Аўтар кнігі успамінаў «Знаёмыя постаці» (2004), прысвечанай беларускім дзеячам.

Толькі ў апошнія гады стала вядома, што гэта Мікола Аўрамчык разам з Нілам Гілевічам склаў «Сказ пра Лысую гару» — культавую ананімную паэму 1980-х.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля, Г. Эміна, І. Куратава, С. Ясеніна, Я. Смялякова.

Мікола Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».

Развітанне з Міколам Якаўлевічам адбудзецца 10 мая ў 10.30, у развітальнай залі Лечкамісіі (Мінск, вуліца Чырвонаармейская 10).

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да шчырых спачуванняў родным Міколы Аўрамчыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0