Архімандрыт Сава (Мажука) заявіў у праграме «Ключ разуменія» на Гомельскім правадным радыё, што ўсе, хто «сумняваецца ў перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», павінны пераследвацца па законе.

Архімандрыт Сава з'яўляецца насельнікам Свята-Нікольскага манастыра горада Гомеля. Акрамя таго, ён займае пасаду прарэктара па вучэбна-метадычнай рабоце біблейска-багаслоўскіх курсаў Гомельскай епархіі, а таксама чытае лекцыі па прадмеце «Асновы хрысціянскай культуры» на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Яго таксама прадстаўляюць як вядомага публіцыста, багаслова і прамоўцу. Ён публікуецца на партале «Правмір» і вядзе праграму «Светло невечернее» на праваслаўным тэлеканале «Союз».

У праграме «Ключ разуменія» на Гомельскім правадным радыё вядучы пытаўся архімандрыта пра Вялікую Айчынную вайну і спробы крытычнага перагляду стаўлення да яе - як вайны, у якой сутыкнуліся «два таталітарныя драпежнікі», а беларусы апынуліся «паміж молатам і кавадлам», таму яна не з'яўляецца ні «вялікай», ні «айчыннай».

Архімандрыт адказаў, што ён не проста з'яўляецца прыхільнікам захавання савецкай назвы - «Вялікая Айчынная вайна», але і лічыць неабходным пераследваць тых, хто думае інакш.

«Я не проста прыхільнік. Я лічу, што на ўзроўні заканадаўства павінен быць замацаваны пераслед тых людзей, якія ставяць пад сумнеў перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І любыя рэвізіянісцкай спробы неяк перайменаваць або паставіць пад сумнеў павiнны спыняцца жорстка», - заявіў архімандрыт Сава.

Адказваючы на пытанне вядучага, чаму большасць праваслаўных хрысціян падтрымалі «бязбожную дзяржаву» і зрабілі «гістарычны выбар на карысць таго, каб атрымаць перамогу пад чырвонымі сцягамі», архімандрыт заступіўся за бальшавікоў і назваў сябе «савецкім чалавекам».

«Гэта ж наша Радзіма, разумееце? Вось як гэта ў Егунова выдатны верш, «тем же миром мазан и пропах. Кто жил среди российских (у арыгінале — плакучих) роз, тому весь мир ответ, а не вопрос». Вось тым жа мірам мазаны і прапах. Мы ж такія ж савецкія грамадзяне. Вось я святар, а я савецкі чалавек, таму што я рос у Савецкім Саюзе, атрымаў адукацыю ў савецкай школе. і нічога ў гэтым няма дрэннага. Гэта нашы, разумееце? Нацысты - гэта ворагі, якія напалі на нашу Радзіму. А потым, бо была свая праўда ў бальшавікоў, якую людзі, і святары ў тым ліку, адчувалі. Пра гэта айцец Сергій Булгакаў пісаў, між іншым. Яны за справядлівасць былі, за праўду. Яны за прыгнечаны народ выступалі», - сказаў архімандрыт Сава.

Цікава, што ў працытаваных архімандрытам вершаваных радках адбілася ўся складанасць і неадназначнасць гістарычнай сітуацыі. Яны належаць паэту, які да вайны быў рэпрэсаваны па справе Іванава-Разумніка, абвінавачанага ў «ідэйным натхненні народніцтва». А падчас вайны, апынуўшыся на тэрыторыі акупаванай Наўгародскай вобласці, працаваў выкладчыкам, у сваіх лекцыях «папулярызаваў адносіны сярэднявечнага Ноўгарада і Германіі», а таксама адбіраў з бібліятэк камуністычную літаратуру. Потым з нямецкімі войскамі з'ехаў у Нямеччыну. Пасля яе разгрому апынуўся ў савецкім сектары, але неўзабаве збег адтуль у амерыканскі. Праўда, амерыканцы выдалі яго назад. Егуноў быў асуджаны да дзесяці гадоў лагераў.

Іванаў-Разумнік таксама трапіў у зону нямецкай акупацыі ў час вайны і таксама сышоў з нямецкімі войскамі ў Нямеччыну, дзе і правёў рэшту сваіх дзён. Адным з першых зафіксаваў і асудзіў у друку бальшавіцкі тэрор 1920-30 гадоў.

Не самы лепшы прыклад безумоўнага савецкага патрыятызму прыйшоў у галаву архімандрыту. На справе выйшла хутчэй нявольнае самавыкрыццё. Якое якраз абвяргае магчымасць цвёрдага замацавання адной праўды адносна вайны, дзе «бальшавікі - гэта нашы», усе «адным мірам мазаныя і прапахлі», таму ўсталі пад чырвоныя сцягі і пайшлі абараняць сваю радзіму СССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?